Маці арыштаваных актывістаў "Кхмары" ня вераць заявам беларускіх уладаў

Валер Каліноўскі, Менск Лалі Кандэлакі й Паціко Мікадзэ — маці арыштаваных у Беларусі актывістаў грузінскай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі й Лукі Цуладзэ — ня вераць заявам беларускіх уладаў, што іхныя сыны, нібыта, учынілі ў Беларусі супрацьпраўныя дзеяньні. Яны хочуць давесьці ўраду Беларусі, што іхныя сыны — выключна прыстойныя й інтэлігентныя людзі, і патрабуюць вяртаньня іх на радзіму жывымі й здаровымі. З маці арыштаваных у Менску грузінскіх моладзевых актывістаў размаўляў наш карэспандэнт.
Маці сябра грузінскай арганізацыі “Кхмара” Георгія Кандэлакі Лалі Кандэлакі кажа, што найбольшае ейнае жаданьне цяпер — прыехаць у Беларусь.

(Кандэлакі: ) “Ведаеце, я цяпер тут, у сваёй кватэры, але душа мая там… Як мне прыехаць у Менск? — у мяне няма ні візаў, нічога. Ці там мяне ня пусьцяць? Каб я там зайшла да начальнікаў і пагаварыла, што мой сын не такі, што ён — ніякі не хуліган”.

Спадарыня Кандэлакі распавядае: ейнаму сыну 23 гады, ён заўсёды быў добрым хлопцам, выдатна вучыўся, з чырвоным дыплёмам закончыў Тбіліскі ўнівэрсытэт, адзін год навучаўся ў амэрыканскім унівэрсытэце, тры месяцы стажаваўся ў брытанскім парлямэнце.

Маці Георгія Кандэлакі працуе мэдсястрой у хірургічным аддзяленьні Тбіліскага шпіталю; бацька Рэзо Кандэлакі — фізік паводле адукацыі, доўгі час працаваў на вайсковым прадпрыемстве, якое цяпер закрыта; сястра Георгія, Тамуна, — студэнтка 4 курсу Тбіліскай кансэрваторыі. Маці Георгія кажа, што раней яна гэтак хвалявалася, калі была рэвалюцыя руж у Грузіі.

(Кандэлакі: ) “Гэта была вялікая рэвалюцыя. Ведаеце, вялікіх дзяцей ужо не ўгаворыш, хаця заўсёды маці думае абараніць сваё дзіця, не пускаць. Але там усе былі, і я таксама хадзіла — паглядзець, што там робіцца… Ну, можа, ён прыехаў у Менск. Але ж рэвалюцыі ён не зрабіў, ён нічога не натварыў там. Цяпер моладзь іначай разумее — яны думаюць, што трэба свабодная краіна, і яны так хочуць. І Лукашэнка павінен зразумець гэта”.

Лука Цуладзэ мае 24 гады, ён толькі што закончыў унівэрсытэт і працуе рэжысэрам на тэлебачаньні й у тэатры. Лука — адзіны сын у сям’і. Ягоная маці Паціко Мікадзэ — выкладчыца ўнівэрсытэту, бацька, Эдзішэр Цуладзэ, — мастак.

Паціко Мікадзэ пераканана: заявы беларускіх уладаў аб тым, што ейны сын і Георгі Кандэлакі, нібыта, учынілі нейкія хуліганскія дзеяньні, — непраўдзівыя, бо яны — не хуліганы.

(Мікадзэ: ) “Не, і Лука, і Георгі — яны добрыя сябры, добрыя хлопцы. Яны — палітычныя зьняволеныя. Але што яны там кажуць, мы ня ведаем”.

Спадарыня Мікадзэ распавядае, што яна, як і ейны сын, як і многія ў Грузіі, падтрымлівала рэвалюцыю руж. Але адносна магчымасьці рэвалюцыі ў Беларусі, у яе наступная думка.

(Мікадзэ: ) “Я думаю, што гэта іхная справа. У іх ёсьць моладзь, народ, яны павінны самі ўсё зрабіць. Мы ж самі зрабілі штосьці”.

Спадарыня Мікадзэ лічыць, што прэзыдэнт і ўрад Грузіі робяць усё магчымае дзеля вызваленьня ейнага сына.

(Мікадзэ: ) “Яны робяць усё, што могуць цяпер. Але што думае Лукашэнка, — я папросту ня ведаю. Я баюся, што атрымаецца ня так, як мы хочам. Гэтыя 15 сутак для мяне, маці, — вельмі многа. Я малюся, каб Лука вярнуўся, каб ён быў здаровы”.

Беларускія ўлады дагэтуль нічога не паведамілі пра Луку Цуладзэ й Георгія Кандэлакі іхным родным. Не дазволілі яны й самім арыштантам патэлефанаваць дадому.