Апытаньне Свабоды: Чаму пагоршыліся дачыненьні Беларусі з большасьцю суседніх краінаў?

Ганна Соусь, Менск Нашая карэспандэнтка запыталася ў людзей на менскіх вуліцах, чаму, на іхную думку, пагоршыліся дачыненьні Беларусі з большасьцю суседніх краінаў.
(Карэспандэнтка: ) “Чаму, на Вашую думку, у Беларусі пагоршыліся дачыненьні з большасьцю суседніх краінаў?”

(Спадар: ) “Гэта й так зразумела. Міжнародныя стасункі так вядуцца. Каб праводзіць міжнародныя дачыненьні, трэба галаву мець, а ў нашых яе няма”.

(Спадар: ) “Тут узаемнае непаразуменьне. Чалавек, які распачаў гэты канфлікт паміж Польшчай і Беларусьсю, зьмяшаў грамадзкія й асабістыя інтарэсы”.

(Спадарыня: ) “На маю думку, гэта зразумела. Гэта палітыка, якую праводзіць Беларусь… Яна ня хоча кантактаваць з заходнімі дзяржавамі”.

(Спадарыня: ) “Можа, таму, што ў нас улада такая, палітыка нашага прэзыдэнта не дазваляе нам мець добрыя стасункі з іншымі краінамі”.

(Спадар: ) “Можа, ня толькі палітыка прэзыдэнта — накіраванасьць усёй дзяржавы, руху палітычнага... Справа ў тым, што ў Эўразьвязу адна палітыка, а ў нас – іншая, і яны не стасуюцца. Польшча ж ужо належыць да Эўразьвязу…”

(Спадар: ) “Я чуў па тэлевізары, што там нехта супраць, заціскаюць кагосьці ў Польшчы”.

(Спадарыня: ) “Гэта з-за польскага амбасадара, які тут такое нялюдзкае вырабляў. Я думаю, што гэта палітыка, збольшага, Польшчы, а не Беларусі. Беларусы імкнуцца з усімі сябраваць”.

(Спадарыня: ) “Калі шчыра, то ня ведаю. Напэўна, цяпер такая палітыка пайшла супраць Беларусі. Беларусь вырашыла быць незалежнай, і многія краіны выступаюць супраць гэтага. Таму й пайшлі канфлікты з іншымі краінамі”.

(Спадар: ) “ЗША ўмешваюцца ў палітыку суседніх краінаў. Яны гавораць палітычным дзеячам суседніх краінаў праводзіць такую палітыку. Яны даюць грошы, і за кошт гэтага ладзяцца акцыі супраць беларускага рэжыму”.

(Спадарыня: ) “Я не лічу, што пагоршыліся дачыненьні. Гэта ўсё часова, і хутка ўладкуецца. Я ня бачу ніякай праблемы”.

(Спадар: ) “Таму што яны ў Эўразьвязе”.

(Спадарыня: ) “Я гэтага не адчуваю на сабе. Асабіста я паўсюль ежджу”.

(Спадар: ) “А Вы ня ведаеце? Мне падаецца, што ня надта й пагоршыліся”.

(Спадар: ) “Камусьці з суседзяў нешта не падабаецца. Кожны вольны жыць па-свойму”.

(Спадарыня: ) “Палітыка дзяржавы ў нас такая”.