Грузінаў дэпартуюць "за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы"<b/>

Валер Каліноўскі, Менск Прадстаўнік КДБ Беларусі 25 жніўня ўвечары заявіў, што прынятае рашэньне аб дэпартацыі грамадзянаў Грузіі, затрыманых учора “за ўмяшаньне ва ўнутраныя справы Беларусі”.
Паўтара дні прадстаўнікі МУС і ГУУС горада Менску казалі, што грузінскія грамадзяне Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ былі затрыманыя нібыта за тое, што супрацоўнікі крымінальнага вышуку знайшлі нейкія памаркі ў іх пашпартах, якія падаліся ім падазронымі. Пазьней у МУС казалі, што грузінскія грамадзяне парушылі візавы рэжым, хаця паміж Беларусьсю і Грузіяй візавы рэжым адсутнічае ў прынцыпе. На гэтай падставе пракурор Маскоўскага раёна Менску працягнуў тэрмін затрыманьня Георгія Кандэлакі і Лукі Цуладзэ на тры дні. І толькі прадстаўнік КДБ паведаміў сапраўдныя прычыны перасьледу грузінскіх грамадзян. У эфіры другога нацыянальнага тэлеканала намесьнік начальніка аддзела ўправе КДБ па Менску і Менскай вобласьці Уладзімір Сьвірыдаў абвінаваціў Георгія Кандэлакі і Луку Цуладзэ ва ўмяшаньні ва ўнутраныя справы Беларусі:

(Сьвірыдаў: ) “У пэрыяд знаходжаньня ў краіне яны ўступілі ў кантакт з прадстаўнікамі радыкальных палітызаваных структур, незарэгістраваных, такіх, як “Зубр”, “Малады фронт”, “Лімон”, правялі для іх шэраг навучальных сэмінараў аб арганізацыі акцый грамадзянскага непадпарадкаваньня, якія суправаджаюцца масавымі беспарадкамі па аналёгіі з каляровай рэвалюцыяй у Грузіі, прынялі ўдзел у шэрагу несанкцыянаваных акцыяў па распаўсюджваньні незаконнай друкаванай прадукцыі дэструктыўнага характару ў горадзе Менску”.

Спадар Сьвірыдаў паведаміў, што Георгій Кандэлакі і Лука Цуладзэ зьбіраліся наведаць з аналягічнымі акцыямі і іншыя рэгіёны Беларусі. У сувязі з гэтым органамі міліцыі было прынятае рашэньне аб іх дэпартацыі з Беларусі,– заявіў прадстаўнік КГБ Уладзімір Сьвірыдаў:

(Сьвірыдаў: ) “Ад імя Камітэту дзяржаўнай бясьпекі заяўляю, што і надалей дзеяньні замежных грамадзян, якія прыбываюць ў Беларусь з мэтай дэстабілізацыі ўнутрыпалітычнай абстаноўкі будуць рашуча спыняцца, а асобы якія маюць дачыненьне да такой дзейнасьці,– дэпартавацца з тэрыторыі краіны”.