Актывістаў Саюзу палякаў-журналістаў пакаралі штрафамі

Сяргей Астраўцоў, Горадня Сёньня адміністрацыйная камісія Ленінскага раёну Горадні пакарала штрафамі рэдактара часопіса “Magazyn Polski” Андрэя Пачобута і рэдактара газэты “Glos znad Niemna” Анджэя Пісальніка пры новым кіраўніцтве СПБ.
Кожны зь іх павінен будзе сплаціць дзьве базавыя адзінкі за тое, што нібыта вытоптваў газон падчас несанкцыянаванага пікету.

Пікет у абарону газэты Саюзу палякаў “Glos znad Niemna” адбыўся на плошчы Леніна 6 ліпеня і працягваўся прыблізна хвіліну, пасьля чаго міліцыянты затрымалі пяцярых удзельнікаў акцыі. Усіх іх тады суд пакараў вялікімі штрафамі. А на А.Пачобута і А.Пісальніка склалі па дадатковым пратаколе, разгляд якіх аказаўся ў кампэтэнцыі адміністрацыйнай камісіі.



На здымках: Анджэй Пісальнік; Андрэй Пачобут(справа) з карэспандэнтам “Gazety Wyborczej” Вацлавам Радзівіновічам.