Чаму ў Іраку ня могуць дамовіцца аб канстытуцыі?

Сяргей Абламейка, Прага Сёньня а 12-й гадзіне ночы заканчваецца крайні тэрмін для ўзгадненьня новай канстытуцыі Іраку. Аднак, паводле назіральнікаў, прыкмет дасягнутай згоды паміж прадстаўнікамі розных ірацкіх грамадаў не назіраецца.
Сёньняшні скрайні тэрмін для ўзгадненьня новай канстытуцыі Іраку сам па сабе зьяўляецца паслабленьнем – раней меркавалася, што праект ўзгодняць да 15 жніўня.

Галоўным каменем спатыкненьня сталі фэдэралізм і роля ісламу ў будучым Іраку. Бакі ня могуць таксама дамовіцца як дзяліць даходы ад продажу нафты і аб ролі шыіцкіх духоўных асобаў у сьвятым для шыітаў горадзе Наджаф.

Курды і шыіты, якія жывуць на поўначы і поўдні і якіх у мінулым уціскала суніцкая мяншыня, настойваюць на фэдэральным уладкаваньні краіны. Аднак радовішчы нафты знаходзяцца якраз на поўначы і поўдні, а суніты жывуць у цэнтры краіны і баяцца, што ня будуць атрымваць грошы ад нафтавага экспарту. Таму яны выступаюць супраць фэдэрацыі.

Зь іншага боку, супраць прапанаванай назвы краіны “Ісламская ірацкая рэспублікі” выступаюць сьвецкія палітыкі, у тым ліку курдзкі блёк. Незалежны курдзкі палітык Мухмуд Усман заявіў у інтэрвію нашаму радыё:

(Усман: ) “Мы не згаджаемся даць такую назву, як, скажам, Ірацкая ісламская рэспубліка, бо гэта намёк на Іран. Мы будзем мець зь ёй вялікія непрыемнасьці. Людзі ўжо і так абвінавачваюць нас, што мы знаходзімся пад вялікім уплывам Ірану”.

Пасьля правалу парлямэнцкіх выбараў у цэнтральных раёнах Іраку, у Нацыянальнай асамблеі дамінуюць курды і шыіты. У выніку цяпер суніцкія лідэры скардзяцца, што іх прапановы ігнаруюць у канстытуцыйным камітэце. У нядзелю 15 суніцкіх лідэраў заявілі, што канстытуцыя павінна быць прынятая ў выніку згоды, а ня большасьцю галасоў.

На сёньняшні дзень няма нават пэўнасьці, як будуць разгортвацца падзеі ў выпадку, укалі праект канстытуцыі да плўначы ўзгоднены ня будзе. Варыянтаў называецца некалькі: яшчэ адзін працяг тэрміну ўзгадненьня, роспуск Нацыянальнай Асамблеі і новыя выбары, або вынясеньне так званага “аблегчанага” праекту канстытуцыі на рэфэрэндум і з наступным зацьвярджэньнем у парлямэнце.