Зарабіў, як пан Заблоцкі на мыле

Пятро Васючэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Каторы ўжо раз ехаў я цягніком “Менск – Полацак” ды недзе каля станцыі Круляўшчызна прыгадаў, што як сьлед не павячэраў. Цягнік калыхаўся й торгаўся, а ў галодным страўніку круціла й бурчэла. Творчы настрой спараджалі не салаўіныя сьпевы, ня жабіна крактаньне, а галоднае бурчэньне ў жываце.

І прымроіўся мне пан Заблоцкі, які праеў і прапіў усю чыста гаспадарку, а пасьля падаўся ў заробкі. Паданьне сьведчыць, што гэты самы пан Заблоцкі падняўся па Дзьвіне з Полацку ў Рыгу, закупіў там мыла, пагрузіў на човен і павёз дахаты. Але па дарозе човен даў цечу, мыла растала, тавар папсаваўся, а ў народзе пачалі казаць: зарабіў, як пан Заблоцкі на мыле.

Бяда пана Заблоцкага працяла мне сэрца і натхніла на стварэньне фэнтэзі пра паноў Кубліцкага ды Заблоцкага. Шалапуты былі абодва, траплялі ў розныя авантуры, ратуй іх Божа. А досьвед таго рэальнага пана Заблоцкага павучальны для сучасных “чаўнакоў”, што са сьмятанаю, цыгарэтамі, гарэлкай ды розным іншым таварам шнуруюць паміж Масквой ды Варшавай.

Палякі таксама памятаюць пра ліхтугу пана Заблоцкага. А ў расейцаў выраз зарабіў, як пан Заблоцкі на мыле мае аддалены аналяг: остался на бобах. Сэнс прыблізна той самы, але пры чым тут бабы́, Бог ведае.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)