Беларуская прэса за 18 жніўня

Зьміцер Падбярэскі, Менск Беларуская прэса розных гадоў за 18 жніўня
“Голас Беларуса”, 1925 год. Са спасылкаю на расейскую газэту “Известия” падаецца інфармацыя пра стан асьветы ў Савецкай Беларусі:

“Пераход усіх пачатковых беларускіх школ на беларускую мову выкладаньня, паступовы пераход на тую-ж мову сярэдніх школ і многіх дысцыплін у школах вышэйшых закладаюць нязломны фундамэнт пад вялізарным гмахам беларускага нацыянальнага адраджэньня. Яшчэ некалькі гадоў, і шэрагі працаўнікоў беларускага руху папоўняцца новымі вялікімі кадрамі маладой беларускай інтэлігенцыі, якія змогуць, нарэшці, давесьці наш народ да поўнага нацыянальна-дзяржаўнага і сацыяльнага адраджэньня”.

“Віцебскі пролетарый”, 1935 год. Перадрукоўваецца наступная інфармацыя са “Звязды”:

“У камандных спаборніцтвах на ўсесаюзным злёце парашутыстаў каманда БССР заняла другое месца па найцяжэйшаму і рашаючаму практыкаванню. Шматмесны самалёт на вышыні 600 метраў выкінуў усю каманду. Парашутысты Гладкі, Архіерыеў, Рабава, Жызнеўскі, Казлоўскі і Андрыеўскі з выключнай дакладнасцю прызямліліся ў круг радыусам 100 метраў. На ўсесаюзных спаборніцтвах першае месца прысуджана камандзе закаўказскіх парашутыстаў. У індывідуальных спаборніцтвах па зацяжных прыжках на дакладнасць раскрыцця парашута парашутыст менскага аэраклуба імя Молатава тав.Гладкі заняў трэцяе месца”.

“Свабода”, год 1995. Алег Грузьдзіловіч піша:

“Навіна аб выключэньні з сістэмы адукацыі падручнікаў і дапаможнікаў узору 1992-1995 гг. падобная на выбух нэйтроннай бомбы — будынкі стаяць, у тым ліку школы і ВНУ, а ў іх усё быццам павалена. Ва ўсялякім разе так успрыняла прэзыдэнцкае распараджэньне большасьць настаўнікаў, выкладчыкаў, навукоўцаў і спэцыялістаў, якія працуюць на адукацыйнай ніве. Што значыць вярнуцца да падручнікаў камуністычных часоў? Гэта ўсё адно, што павярнуць назад кола гісторыі”.