Споўнілася 10 гадоў страйку на Менскім мэтрапалітэне

Галіна Абакунчык, Менск Дзесяць гадоў таму, 17 жніўня 1995 году, распачаўся страйк на менскім мэтрапалітэне. Працоўныя патрабавалі ад адміністрацыі прадпрыемства выкананьня калектыўнай працоўнай дамовы ў частцы выплаты пэўнага памеру заробкаў. Акцыя пратэсту доўжылася пяць дзён і была жорстка задушана ўладамі. Удзельнікі страйку заяўляюць, што цягам прамінулых дзесяці гадоў правы працоўных парушаліся яшчэ горш.
10 гадоў таму машыністы, электрамантэры, касіры й кантралёры Менскага мэтро спынілі працу на знак пратэсту супраць паніжэньня заробку. Тое, што адміністрацыя прадпрыемства парушыла калектыўную дамову й працоўнае заканадаўства, было засьведчана ў пракуратуры й судзе. Але становішча мэтрапалітэнаўцаў ад гэтага не палепшылася. Апошнім сродкам адстаяць свае законныя правы для людзей стаўся страйк, які, аднак, ня меў посьпеху, — кажа тагачасны лідэр прафсаюзу чыгуначнікаў Мікалай Канах.

(Канах: ) “Вельмі было балюча слухаць нашага прэзыдэнта, калі ён выступіў па тэлебачаньні й сказаў, што там замешаны і БНФ, і дыпляматычныя прадстаўнікі. Насамрэч гэтага нічога не было. Быў вельмі моцны калектыў, які вырашыў адстаяць свае правы. Паказальна, што закон не працаваў. І да сёньняшняга часу нічога не памянялася: вось гэтыя вядомыя кантракты правы працоўных зьвялі на ні што, і людзі ня могуць абараніць сваіх правоў. І я мог бы падаваць колькі заўгодна прыкладаў, калі закон не працуе на карысьць чалавека працы”.

Як нагадаў спадар Канах, страйк доўжыўся пяць дзён, пад час якіх людзей запалохвалі. Адмысловым авіярэйсам у Менск тады былі прывезены машыністы мэтро з Расеі, якія зьмянілі ў падземнай чыгунцы беларусаў. А ўсё завершылася сілавым разгонам удзельнікаў акцыі пратэсту. Як гэта было, узгадвае колішні машыніст-інструктар і актыўны ўдзельнік тых падзеяў Сяргей Пісарэнка.

(Пісарэнка: ) “Мы прыйшлі на плошчу Свабоды, там ужо былі людзі ў масках, са шчытамі. Пасьля прыехаў моцна экіпіраваны АМОН, і я пабачыў вельмі шмат машын і вайскоўцаў. Тут пачалі хапаць людзей, і гэта было страшна. Як пры піначэтаўскім рэжыме: хапаюць, кідаюць у машыну, ускокваюць самі й зьяжджаюць. Нейкаму машыністу крыкнулі “Стой!” — той пабег у бок Кастрычніцкай плошчы, дык пачалі страляць зь пісталету ў паветра. У таго машыніста ад стрэсу нават язва адкрылася й ён у шпіталь патрапіў. Шок быў. І калі на яве гэта ўсё бачыш, з табою побач, — гэта ўсё страшна”.

Суды над затрыманымі ўдзельнікамі страйку доўжыліся некалькі дзён. Многія былі заняволены на некалькі сутак. А ў выніку было звольнена 56 прафсаюзных актывістаў мэтрапалітэну. Цягам наступных гадоў з розных прычынаў працоўных месцаў пазбавілі яшчэ 400 удзельнікаў акцыі.

Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў прымеркаваў да 10-годзьдзя тых падзеяў інфармацыйную акцыю ў выглядзе шэрагу публікацыяў і паведамленьняў у незалежных мэдыях. Іншыя формы нагадваньня пра тыя падзеі Мікалай Канах называе цяжкавырашальнымі й небясьпечнымі.

(Канах: ) “Мы сёньня маем справу з уладай, якая не дае магчымасьці выказаць пратэсту. Мы ладзілі пікеты, і ўлада накіравала нас у сем арганізацыяў, якім мы абавязаны былі выплаціць некалькі мільёнаў рублёў, каб выйсьці й выказаць сваю нязгоду зь нейкім законам. Безумоўна, можна было б зладзіць нейкую акцыю, але ж людзі ведаюць, што ўлада гатова пайсьці на любую правакацыю, каб пасьля ўсё гэта задушыць. Гэта нічога ня дасьць. Прыйдзе час, — і яны (людзі) сваімі галасамі вырашаць, як жыць далей”.

Да ўвагі чытачоў: аналітычны матэрыял, прысьвечаны прычынам, сутнасьці й вынікам страйку, зьмяшчае незалежная газэта “Салідарнасьць”. Чарговы нумар гэтага выданьня выходзіць з друку ў пятніцу, 19 жніўня.

Гл. таксама • Генадзь Быкаў: выкраданьне людзей пачалося 10 гадоў таму