Сяргей Дубавец, Вільня (Этэр 24 ліпеня 2005 году) Новая перадача сэрыі "Вострая Брама".
“Беларуская мова... У часы навукова-тэхнічнай рэвалюцыі ці не спасьцігне яе лёс волскага дыялекту?” – такім эпіграфам-правакацыяй пачынаецца “Ліст да расейскага сябра”. Напісаны трыццаць гадоў таму, гэты твор меўся быць прыватным адказам на пашыраны сярод расейцаў стэрэатып несамастойнасьці беларускай нацыі.
Аўтар пісаў, цытую: “Вашым пытаньнем узятая пад сумнеў самая істотная рыса майго народу, у якой выражаны дух, індывідуальнасьць і ўрэшце – жыцьцястойкасьць беларусаў”. Аднак пасьля прачытаньня на Радыё Свабода, публікацыі ў эмігранцкай прэсе і выхаду ў Лёндане асобнай брашурай з ангельскім пераказам, гэты прыватны ліст стаў зьяваю беларускага дысыдэнцтва 1970-х гадоў. Апэлюючы да гістарычных крыніц і фактаў сучаснасьці, да лёгікі і густу свайго расейскага сябра, ананімны аўтар на чарговым павароце гісторыі адстойваў права беларусаў на сваю моўную, нацыянальную і дзяржаўную асобнасьць ад “старэйшага брата”.
І сёньня, праз трыццаць гадоў пасьля зьяўленьня таго дысыдэнцкага пасланьня, напэўна, шмат для каго тыя аргумэнты на карысьць беларусаў прагучаць як адкрыцьцё. Разам з тым, зьмяніўся сьвет, і сёньня ў “Лісьце да расейскага сябра” на першае месца выйшлі іншыя акцэнты. Перачытваючы, мы раптам убачылі малюнак пачварнае эпохі, у якой і самі жылі, але якой ня ўмелі разгледзець і ацаніць з той невялікай адлегласьці часу – эпохі 1970-х гадоў, якая зусім мірным нібыта крокам прайшла па Беларусі, пакідаючы пасьля сябе наступствы, нашмат больш глыбокія, чым нават тая апошняя вайна.
Гаворка ідзе пра выкараненьне нацыі, пра гуманітарную нэўтронную бомбу, што была ўзарваная ў Беларусі ў часы Пятра Міронавіча Машэрава, калі насельніцтва рэспублікі мусіла застацца, але ў ім мусіла быць цалкам зьнішчана чалавечая і нацыянальная годнасьць. Для гэтага найперш быў выкарыстаны працэс урбанізацыі. Вёска – галоўная на той час захавальніца нацыянальнай традыцыі і мовы – праз усеагульную мэліярацыю была асуджаная на выміраньне, і вясковае насельніцтва ў масавым парадку ірванула ў горад. Тым часам у горад прапускалі толькі за пэўную плату – за адрачэньне ад гэтай самай вёскі, ад традыцыі, ад мовы. За здраду.
1970-я гады – гэта час татальнага закрыцьця беларускіх школаў у гарадах і татальнага вынішчэньня старых гарадзкіх кварталаў – каб крый Бог уцекачы зь вёскі не знайшлі тут іншае традыцыі, гарадзкой. Іншымі словамі, 10-мільённая нацыя была загнаная ў сьвядомасны тупік. Людзі былі пазбаўленыя ўласнае гісторыі, традыцыйнае духоўнасьці і мовы. Пры тым дамагацца ўсяго гэтага яны не маглі, бо у сэрцы іхным было пасеянае ўсьведамленьне ўласнае здрады. Выглядала так, што гэта яны самі адмовіліся ад сваёй чалавечай і нацыянальнай годнасьці. А каб сьвятое месца ў душы не пуставала, тагачасныя ідэолягі падсоўвалі ім пратэзныя ўяўленьні пра тое, што сапраўдны беларус – гэта бальшавік, камуніст, савецкі чалавек і што беларусы – тыя самыя расейцы. Гэтак сотні тысяч учорашніх вяскоўцаў, рэнэгатаў і здраднікаў, ужыўлялі сабе ў грудзі замест выкінутага жывога сэрца – прэстыжны пратэз гарадзкога, а насамрэч ніякага, абездухоўленага індывідуўма, звужаючы свой кругагляд і кола патрэбнасьцяў да выхалашчанага спажывецтва. Уся гэтая гісторыя не выклікае сёньня нічога, апроч шкадаваньня. Бо камуністамі то яны сталі, а аказалася -- дарэмна, у горад пераехалі, а гены клічуць іх да зямлі, у прапол, ад мовы адракліся, так настойліва змагаліся з сваім “ч” і “р”, а першы заезны расеец пазірае на іх з паблажлівай іроніяй і – ужо цяпер ясна – ніколі ня прыме за сваіх. Таму так і заставацца ім дзецьмі вайны. Ня той, калі стралялі і забівалі. А той, калі забіралі душу.
Так выглядае малюнак той эпохі, які паўстае зь “Ліста да расейскага сябра”, напісанага трыццаць гадоў таму.
Доктар Каўка – беларускі мысьляр, гісторык і літаратар, які жыве ў Маскве – і быў тым ананімным аўтарам, які ажыцьцявіў тое зусім небясьпечнае ў 70-я гады мерапрыемства – напісаў і пусьціў у сьвет “Ліст да расейскага сябра”.
(Каўка: ) “Гэта быў 1976-ты год. 76-ты, 77-мы – канчатковая рэдакцыя гэтага “Ліста”. “Ліст” зьявіўся як ананімны твор. Цяпер з адлегласьці я ў пэўным сэнсе адчужаюся ад гэтага тэксту і спакойна яго перачытваю, з пэўнай доляй крытыцызму. Аднак гэта выплеск. Выплеск чалавека, у сваім самапачуцьці дзесьці ўшчэмленага. Выклік ушчэмленага беларуса. Калі не ў абарону, дык прынамсі ў сьцьверджаньне свайго нацыянальнага, чалавечага “я”.
(Дубавец: ) “Каб адным словам акрэсьліць ролю Аляксея Каўкі ва ўсёй гэтай гісторыі, дык яго варта было б назваць палемістам. Беларусь праз усю сваю гісторыю нараджае такіх даказвальнікаў права на існаваньне. Яшчэ зь сярэднявечча мы маем багатую палемічную літаратуру і традыцыю, чым адрозьніваемся ад суседзяў. Верагодна, гэта таму, што мы ніяк не пяройдзем сваю эпоху адраджэньня, ня станемся, бо ў гэтым не зацікаўленыя ані суседзі, ані наша ўласнае начальства, якое імкнецца вынішчыць палемістаў. І вынішчае. Але праходзіць час, і палемісты нараджаюцца зноў.
“Але закранутая праблема, -- піша аўтар “Ліста да расейскага сябра”, -- выглядае дастаткова складанай і балючай, каб замоўчваць яе. Яна сапраўды існуе – ці то ў рэштках імпэрскага мысьленьня, ці то ў рэцыдывах імпэрскай палітыкі – ранячы і беларусаў, не пакідаючы абыякавымі і пабочных назіральнікаў. У рэакцыі з боку на сучаснае становішча беларускае мовы заўважная розьніца ў поглядах тых, што наведваюць БССР, украінцаў, палякаў, чэхаў, славакаў, баўгараў і – расейцаў. Першыя абураюцца з нагоды штучнага стрымліваньня, другія – з нагоды штучнага “насаджэньня” беларускае мовы ў БССР”.
(Каўка: ) “Канечне, расеец, рускі чалавек, ён мэнтальна выхаваны стагодзьдзямі, і ягонае ўспрыманьне беларусаў і Беларусі, як пэўнага працягу ісконі рускай зямлі, закадаванае ня толькі ў сьвядомасьці, у псыхіцы кожнага сярэднестатыстычнага рускага чалавека. І ўсё ж я ня схільны падзяляць распаўсюджаную сярод нас, беларусаў, думку аб невылечвальнай імпэрскай непавазе, неразуменьні нашай беларускай асобнасьці.
Я вось прыходжу на пошту ў сябе там у Маскве, кажу, канвэрт мне, калі ласка. Ну, па-расейску, вядома. Удаклядняе – куды. Ды ў СНГ, Менск, агульная дзяржава... Яна кажа: якая агульная дзяржава? Усё адно заграніца. І далей ужо залежыць ад таго, як я буду яе інфармаваць, пасьвячаць у сваю беларускую асобнасьць.
Калі сто гадоў гэта была норма: “беларус – той самы рускі”, дык сёньня любы нармальны, больш-менш сьвядомы беларус ужо не выклікае гэткага атаясамленьня. Ён можа выклікаць пярэчаньне, можа выклікаць нязгоду: ну дакуль вас будуць танным газам падкармліваць, а вы ня хочаце ў агульны дом?.. І тут усё залежыць ад таго, што я адкажу. Як зрэагую на гэта. А нас жа цяпер такіх не адзінкі і не дзясяткі, а добрыя сотні. Так што зьнікненьне гэтага стэрэатыпу, прынамсі, карэкцыя яго сёньня цалкам і выключна ляжыць на нашым беларускім баку”.
(Дубавец: ) “Аляксей Каўка прызнаецца, што першым штуршком для напісаньня “Ліста да расейскага сябра” быў штуршок вонкавы – тое згаданае пытаньне пра волскі дыялект. Але пісаўся ліст усё ж такі ня столькі да расейца, колькі да беларуса, можа быць, да сябе самога”.
(Каўка: ) “Я не адчуваў сябе абражаным як беларус ні ў Маскве, ні ў Піцеры, ні ў Расеі, дзе б я ні езьдзіў. Наадварот. Я за сваю беларускасьць, і за мову ў тым ліку, там дзе я ёй паслугоўваўся, а здаралася і паслугоўваўся, ня тое што асуджэньня не атрымліваў... Ухвала, зацікаўленасьць, камплімэнты... І толькі наяжджаючы ў Менск, калі я прасіў у кіёску замест "вечерней газеты" даць мне вячэрнюю газэту і кіёскерка мусіла там гартаць... Я кажу, ну ты што як ад п’яніцы мужыка там паўлітру хаваеш?.. Ну так есьлі ніхто не бярот... А тут калейка ўжо ў кіёску: ну што он там, што он, наставнік беларускай мовы? Пісьменьнік?.. Такіх прыкладаў, абражальных, гэтага хамства інтэлектуальнага, дарэчы, яно дагэтуль ня выпетрана тут, гэтыя запанелыя чужакі – не ў геаграфічным сэнсе, рэнэгаты, ускормленыя на гэтай зямлі, вывучаныя ў гэтых школах, гэта жаласны тып... Вось што мяне абражала, і я цяпер бачу, што ня гэтулькі мяне правакаваў той рускі калега, сябра, колькі вось гэтае балота, наша ўласная пухліна гнілая”.
(Дубавец: ) “У сярэдзіне 1970-х зьяўленьне “Ліста да расейскага сябра” было сапраўдным выклікам афіцыйнай палітыцы русыфікацыі Беларусі. Аўтар аргумэнтавана выкрываў гэтую палітыку духоўнай кастрацыі пад сьцягам інтэрнацыяналізму і так званую беларускую інтэлігенцыю ў масе сваёй бязмоўную і бязвольную, і наўмыснае хаваньне асноватворных гістарычных фактаў, і масавае закрыцьцё беларускіх школ, і так званую роўнасьць беларускай і расейскай моваў у БССР, якую ён параўнаў з роўнасьцю Чырвонага Каптурка і Шэрага Ваўка, і знос кварталаў найстарэйшай менскай вуліцы Нямігі, і бяздумную мэліярацыю. Словам, гэта быў выклік, які ва ўмовах татальнага кантролю з боку КГБ мог скончыцца для аўтара вельмі сумна. Варта згадаць лёсы іншых аўтараў, таго ж Міхася Кукабакі, які за свае падобныя творы атрымаў два дзясяткі гадоў турмаў і вар’ятняў. Аднак Аляксею Каўку ў гэтым сэнсе пашанцавала”.
(Каўка: ) “Сам Ліст пісаўся безь якіх-колечы прэтэнзій на грамадзкасьць. Гэта быў сапраўды ліст прыватны. Сядзелі мы з рускімі сябрамі-калегамі, размаўлялі, як нас успрымаюць. Ну вы ж беларусы, тыя ж прыкладна нашы, родныя, не хахлы, не самасьційнікі. Тут па плячы можна так пахлопаць. Ну, а ведалі ўжо мой беларускі калі ня гонар, дык нейкую дэманстрацыю сваёй беларускасьці. Ну калі ты хочаш у мове сваёй пакінуць “у” кароткае і замест Владімір пісаць Уладзімер, мы ня супраць. Але ж гэта не мяняе сутнасьці пытаньня. Волскі дыялект – ён быў і ён зьнікае зараз. Вось вам правакацыя. Ну і вырашыў напісаць. Засеў у бібліятэцы. Каб для сябе самога зразумець наш нацыянальны лёс у яго гістарычным працягу. І напісаўся гэты Ліст, надрукаваўся на машынцы на адной закладцы тры асобнікі, і яму ўручыўся першы. Пасьля зь земляком беларусам парыліся ў лазьні, даў яму другі. А той, як ён сказаў, даў яго свайму знаёмаму ў Менск. Гэта быў 1977-мы год. І пазьней неяк у Варшаву пераправіўся, ужо копія з копіі, мабыць. А адтуль, гэта ўжо я дакладна ведаю, у рукі Часлава Сіповіча, біскупа нашага на Захадзе, перадаў беларус-варшавянін Юрка Туронак”.
(Дубавец: ) “Згадвае апостальскі візытатар для беларусаў-каталікоў замежжа айцец Аляксандар Надсан”.
(Надсан: ) “Гэта я яго перавозіў, праз мае рукі ішло, я ўжо магу прызнацца цяпер. Я і мае сябры ў Англіі. Цікава, што калі мы яго выдалі друкам, рэакцыі амаль што ніякай не было. Проста не зразумелі важнасьці гэтай рэчы абсалютна. Я ўважаў, што гэта была выдатная рэч, напісаная ў тым часе. І аргумэнтацыя добрая была, цікавая. Была большая рэакцыя сярод ангельцаў, якія цікавіліся нацыянальным пытаньнем у Савецкім Саюзе, чымся беларусаў. Проста не зразумелі важнасьці. Ужо тое, што напісана па-расейску, для іх было дрэнна. Для мяне было зразумела, чаму па-расейску, бо было зьвернута да расейцаў, маўляў, як вы ставіцеся да вашага так званага “малодшага брата”. І аўтар, мы цяпер ўжо ведаем, што гэта Каўка з Масквы, ён вельмі добра зрабіў. Але кажу: проста эміграцыя беларуская шмат чаго недаацэньвала ў тым часе”.
(Дубавец: ) “Выдадзены ў Лёндане “Ліст” быў разасланы ва ўсе пасольствы і найбуйнейшыя бібліятэкі сьвету, у тым ліку ў Маскву і Менск, дзе, натуральна, ён трапіў у закрытыя фонды. Тое, што беларуская эміграцыя недаацаніла важнасьць “Ліста”, на маю думку, тлумачыцца тым, што беларуская сьведамасьць эмігрантаў шукала фактаў наўпроставага супрацьстаяньня русыфікацыі. А тое, што адбывалася ў Беларусі, не было такім вось чорна-белым супрацьстаяньнем. Замест дэманстратыўнае русыфікацыі адбывалася нашмат больш падступная дэнацыяналізацыя. Беларусы ператвараліся не ў расейцаў, а ў нішто. Прычым найчасьцей, як мы ўжо казалі, яны ператвараліся сьвядома, маючы комплекс здрады і рэнэгацтва. І адкрыта супрацьстаяць гэтаму працэсу было, бадай, немагчыма. Падступнасьць дэнацыяналізацыі патрабавала інтэлектуальнага асэнсаваньня, пошуку адэкватнага адказу, а не адналінейнага пратэсту. Нацыю, нібы ляшча, кінулі ў сетку, і чым больш яна біла хвастом, тым больш заблытвалася. Гэта разумелі толькі ў інтэлектуальных асяродках эміграцыі, дзе “Ліст да расейскага сябра” быў успрыняты і ацэнены належным чынам”.
(Надсан: ) “У тым часе гэта быў эпізод. Голас таго, што крычыць у пустэльні, разумнага чалавека, які ня быў ворагам расейцаў, ён проста гаварыў да іх: зразумейце ж наша становішча і што вы робіце. Вельмі далікатна напісана адносна расейцаў. Вельмі культурна напісана. Можа таму не зрабіў уражаньня. Можа яны хацелі, каб была нейкая лаянка. Але на мяне ён зрабіў уражаньне, што пісаў культурны чалавек, беларус, якому сэрца балела за лёс свайго народу, сваёй мовы. Ён зьвяртаўся да расейцаў, як ну... суседзі, браты, блізкі народ... Кажа, зразумейце ж нас, дайце нам магчымасьць быць”.
(Каўка: ) “Гады два пазьней мне собіла апынуцца ў Варшаве ў якасьці прадстаўніка Саюзу савецкіх таварыстваў дружбы і культурных сувязяў з заграніцай, адначасна ў рангу саветніка рацыі пасла. І вот гэты генэрал ад дыпляматыі раніцою ўключае Радыё Свабода, а там голас Янкі Запрудніка: “Мы перадавалі “Ліст да расейскага сябра”, працяг слухайце...” Сказаць, што гэта быў шок... Адчуваньне маё было ня зь лепшых. Зьмяшалася і пачуцьцё нечаканасьці і трошкі сполаху. І генэрал ад дыпляматыі трохі... струсіў ня струсіў, але... Ішоў я на службу і думаў: Каўка, што рабіць?..”
(Дубавец: ) “Зьменены час прынес нам і новыя хвалі дэнацыяналізацыі, і новы погляд на старую палеміку. Сёньняшняе выгнятаньне беларушчыны са школы і сродкаў масавай інфармацыі, з публічнае сфэры наогул – гэта ўжо не палітыка КПБ на чале зь Пятром Машэравым, а інэрцыя той здрады тых учорашніх вяскоўцаў пад кіраўніцтвам такога самага рэнэгата-правіцеля. Пасьля страшнай вайны 1970-х мінула даволі часу, каб камусьці сур’ёзна думалася пра рэванш, пра тое, што станем мы ўсё ж такі калі не расейцамі, дык хоць бы небеларусамі. Інэрцыя ня можа быць доўгай, бо прыходзяць новыя пакаленьні, якія ўжо не нясуць у душы сораму за здраду. Затое, у генах сваіх яны зноў, нібы трава праз асфальт, выяўляюцца беларусамі і рана ці позна заявяць свае прэтэнзіі і на мову, і на традыцыю, і на ўласную зямлю. Ці стаў бы сёньня палеміст Аляксей Каўка даказваць расейцам, беларусам і сабе самому права беларусаў быць асобнаю нацыяй?”
(Каўка: ) “Мабыць, не. Ёсьць пытаньні, аб якіх ня можа быць гаворкі. Гэта спрачацца аб тым, калі сонца ўзыйдзе, калі зайдзе. Пустая гаворка. Усё залежыць ад таго, як ты ўспрымаеш гэтае сонца. Супраціўленьне адкрытае, сьвядомае і падсьвядомае, яно было, яно ёсьць і застаецца, і пакуль мы супраціўляемся кожны на сваім месцы і кожны ў сваім часе, датуль мы жывыя і будам жыць”.