КДБ учыніў ператрус на кватэрах студэнтаў, якіх падазрае ў стварэньні мультоў

Любоў Лунёва, Менск Супрацоўнікі КДБ Беларусі зрабілі ператрус у кватэрах сяброў грамадзянскай ініцыятывы “Трэці шлях”, у якую ўваходзяць студэнты розных навучальных установаў. Гэбісты забралі дванаццаць кампутараў, дзясяткі дыскаў і іншыя электронныя носьбіты інфармацыі.
Студэнты стварылі "Мультклюб" і ў інтэрнэце распаўсюджвалі свае кароткія flash-фільмы. Героямі мульцікаў былі карыкатурныя вобразы кіраўнікоў краінаў, апазыцыйных дзеячаў і простых грамадзян.

Аднаго зь сяброў клюбу, якога супрацоўнікі КДБ падазраюць у аўтарстве фільмаў, затрымалі, але паводле неафіцыйнай інфармацыі, адпусьцілі пад падпіску аб нявыезьдзе.

Супрацоўнікі КДБ адначасова наведалі некалькі кватэраў сяброў клюбу.

У Аляксея Абозава ў выніку ператрусу забралі адзінаццаць кампутараў і некалькі дзесяткаў дыскаў.

У Паўла Марозава канфіскавалі ўласны кампутар і ўсе носьбіты інфармацыі, якія знайшлі ў кватэры.

Іх выклікалі на допыт да сьледчага КДБ Несьцяровіча, дзе студэнты мусілі адказваць на пытаньні наконт дзейнасьці свайго мультклюбу.

Сябры клюбу спаслаліся на тое, што ва ўсіх краінах мультфільмы ў інтэрнэце карыстаюцца попытам. Але ні ў Расеі супраць “Масяні”, ні ва Ўкраіне ў часе выбарчай кампаніі нікому не прыйшло ў галаву распачаць крымінальныя справы супраць стваральнікаў шматлікіх мульцікаў на палітычныя тэмы.

Гл. таксама • mult.3dway.org - вэбсайт "Мультклюбу"