Загад Лукашэнкі прывядзе да росту цэнаў на зямлю вакол Менску

Уладзімер Глод, Менск Менавіта такое разьвіцьцё падзеяў прагназуе вядомы беларускі аграрый Аляксандар Ярашук, ацэньваючы загад кіраўніка дзяржавы аб катэгарычнай забароне адводзіць сельгасугодзьдзі пад будаўніцтва розных аб''ектаў вакол сталіцы. Адпаведны загад Аляксандар Лукашэнка аддаў 15 жніўня падчас нарады ў пытаньнях разьвіцьця сельскагаспадарчых прадпрыемстваў Менскага раёну.
"Зямля – гэта самае каштоўнае багацьце краіны. Ні ў якім выпадку нельга, як гэта было раней, весьці будаўніцтва на ворнай зямлі!" – гэтыя словы Аляксандра Лукашэнкі сёньня актыўна цытуюць дзяржаўныя тэлебачаньне і радыё.

Аляксандар Ярашук, які ў свой час кіраваў аддзелам сельскай гаспадаркі ЦК КПБ, а пасьля быў адказным за сельскагаспадарчую палітыку ў Менскай вобласьці, а потым узначальваў сельскагаспадарчы прафсаюз Беларусі, лічыць гэта чарговым папулісцкім захадам:

(Ярашук: ) "Гэта абсалютна, на 100%, папулісцкае рашэньне, каб яшчэ раз паказаць людзям, што, нібыта, абараняюцца інтарэсы дзяржавы і простых людзей. Вядома, што ў абывацельскім асяродзьдзі існуе думка, што цяпер будуюцца толькі вельмі багатыя людзі. Канечне, для адпаведных катэгорыяў насельніцтва гэта прываблівае рашэньне – ня даць разбазарыць, распрадаць, зьберагчы такую велізарную каштоўнасьць, якой зьяўляецца, згодна з афіцыйнай ідэалёгіяй, наша зямля... Гэта ўсё з шэрагу перадвыбарчых крокаў".

Я запытаўся спадара Ярашука, а што атрымаецца, калі загад кіраўніка дзяржавы не даваць больш ні соткі зямлі пад будаўніцтва ў сталічным рэгіёне будзе выкананы?

(Ярашук: ) "Рэзка падскочаць цэны. Я мяркую, што сотка зямлі будзе каштаваць у некалькі разоў даражэй у Менску і бліжэйшым асяродзьдзі да сталіцы. Таму будзе спэкуляцыя, карупцыя яшчэ ў большых памерах, чым яны існуюць цяпер, паколькі гэта будзе вельмі прыбытковы бізнэс. І гэты працэс не спыніць".

Аляксандар Лукашэнка сёньня зьвярнуў увагу і на гэтак званыя даўгабуды, незакончанае будаўніцтва. Ён лічыць куды больш мэтазгодным перадаць іх для дзіцячых дамоў сямейнага тыпу, а ў некаторых выпадках нават і пад дзяржаўнае жыльлё для тых, хто мае ў ім патрэбу. Але ж у такім выпадку, што рабіць з правам на ўласнасьць?

Намесьнік старшыні Аб''яднанай грамадзянскай партыі Сяргей Альфэр мае лецішча як раз у тых месцах, пра якія казаў сёньня спадар Лукашэнка, і ведае цэны на ўчасткі:

(Альфэр: ) "Ён інспэктаваў каля кальцавой дарогі. І вось там ля мяне, а гэта вёска Зацань, нават бліжэй да жыльля Лукашэнкі, уздоўж кальцавой дарогі мноства участкаў. Стаяць суцэльныя цокалі. І кожны такі цокаль разам з кавалкам зямлі каштуе тысячаў 20 даляраў. І калі іх забіраць, дык чалавек жа губляе. А грошы ого-го якія!"