Адам Глобус: "Пуцін – гэта ня князь Русі, а прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі"

Вольга Караткевіч, Прага Сёньняшні госьць Радыё Свабода – пісьменьнік і выдавец Адам Глобус. Што думае Адам Глобус пра нядаўнія заявы Ўладзімера Пуціна, польска-расейскі канфлікт, сытуацыю вакол Саюзу палякаў Беларусі, вяшчаньне "Нямецкай хвалі", віртуальную прастору, лёс каталёнцаў і менскі ўраган?
(Карэспандэнтка: ) "Ваш камэнтар на заяву Ўладзімера Пуціна, кіраўніка суседняй дзяржавы, пра тое, што мы з расейцамі – адна нацыя".

(Глобус: ) "Па-першае, наколькі я ведаю, Пуцін – гэта ня князь Русі, а прэзыдэнт Расейскай Фэдэрацыі. І пакуль што такой нацыі, як фэдэралы, я ня ведаю. Яшчэ такой нацыі не ўвялі. А савецкай нацыі, наколькі мне вядома, ужо няма. Таму ніякай "адной нацыяй" мы быць ня можам. У нас беларуская нацыя, беларуская дзяржава. А ў Пуціна – Расейская Фэдэрацыя. Ён павінен гэта ведаць".

(Карэспандэнтка: ) "У апошнія дні мы гаворым пра акты агрэсіі супраць палякаў. У Расеі былі зьбітыя два польскія дыпляматы і польскі журналіст. Ці існуюць антыпольскія фобіі ў Расеі? Ці існуюць такія фобіі ў Беларусі?"

(Глобус: ) "Шчыра кажучы, мяне больш хвалюе пытаньне беларускай меншасьці ў Польшчы, чым польскай меншасьці ў Беларусі. Мусіць, таму, што я – беларус, і я ведаю, як цяжка жывецца беларусам у Польшчы. А тое, што суседзі сварацца, гэта аб''ектыўны працэс. І суседзі з усходу, і з захаду заўсёды сварыліся. Рэч у тым, як мы будзем мірыцца, а ня як далей заганяць канфлікт. Я лічу, чым хутчэй пачнецца прымірэньне, тым лепш. Прымірэньне магчыма пры любой уладзе, і пры цяперашняй таксама.

Але што да Саюзу палякаў Беларусі, Польшча сапраўды ўмешваецца ў нашыя ўнутраныя справы. Я так лічу. І ня толькі ў справы дзяржавы, а яшчэ і ў справы касьцёлу. І шмат дзе ў касьцёлах не гучыць беларуская мова, а замест яе гучыць польская. Я лічу гэты непрымальным".

(Карэспандэнтка: ) "У грамадзтве шырока абмяркоўваецца тэма вяшчаньня "Нямецкай хвалі" на Беларусь. Шмат хто быў абураны выбарам мовы – на карысьць расейскай, а не беларускай. Але былі й такія, хто падтрымаў гэты выбар. Сьпярша камуніст Сяргей Калякін выказаўся адназначна ў падтрымку расейскай мовы вяшчаньня. Потым быў яшчэ ліст з подпісамі Андрэя Клімава, Міхаіла Чыгіра і Валер''я Фралова ў падтрымку расейскай мовы на "Нямецкай хвалі". У Вас як прадстаўніка нацыянальнай культурнай эліты якія ўражаньні і меркаваньні ў гэтай сувязі?"

(Глобус: ) "Па-першае, усіх, каго Вы пералічылі, акрамя Андрэя Клімава, я не лічу палітыкамі. Гэта мая асабістая думка. А Андрэй – чалавек эмацыйны і можа памыляцца.

А самая асноўная памылка, на маю думку, палягае ў іншым. Ідзе гаворка не пра нашых палітыкаў, а пра паводзіны і нацыянальную палітыку Германіі. І мы ведаем, што час ад часу Германіі трэба нагадваць пра XX стагодзьдзе, якое праславіла Германію не з найлепшага боку – зь яе нацыянальнай палітыкай. І мы памятаем, як гэта называецца. Гэта называецца нацызм. Германія здатная рабіць памылкі, прычым вялікія памылкі.

Я ня помню, каб Германія прасіла прабачэньня за тое, што яны тут у Беларусі рабілі. І калі майго прадзеда Івана Александровіча на вачах у маёй мамы Ніны Глобус спалілі жыўцом немцы, то я гэтага пакуль што не забыў. І я чакаю ад Германіі прабачэньня. А тое, што яны такое робяць у пытаньні беларускай мовы, гэта проста зьнявага маёй культуры, маёй нацыі, маёй дзяржавы нават".

(Карэспандэнтка: ) "Што Вы думаеце пра выбары 2006 году, пра выбары адзінага кандыдата ад апазыцыі, пра тое, што апазыцыя зьбіраецца прасіць памяшканьне ў Лукашэнкі для правядзеньня Кангрэсу дэмакратычных сілаў?"

(Глобус: ) "Я ж казаў, што я не палітык. Але я выбаршчык. І я буду галасаваць супраць усіх. Гэта мая пазыцыя, пазыцыя паэта і грамадзяніна.

Наагул, я лічу, што культура ўва ўсіх сваіх праявах – гэта тое, што супрацьстаіць бескультурнасьці і вайне ўва ўсіх праявах. І таму я на баку культуры. І таму мяне палітыка так мала хвалюе".

(Карэспандэнтка: ) "Пэрспэктывы Беларусі ў віртуальнай прасторы..."

(Глобус: ) "Віртуальная прастора хвалюе мяне менш, чым прастора рэальная. У нас была моцная бура. Сямімесячныя каштанчыкі стрэсеныя, жалуды – таксама. Паваленыя дрэвы. Гэта ўражвае мяне больш. Горад займаецца тым, што прыбірае зламаныя дрэвы, вяртаецца ў нармальнае рэчышча. І гэта мяне хвалюе значна больш, чым віртуальная рэальнасьць".

(Карэспандэнтка: ) "Вы шмат вандруеце. Я ведаю, адно з вашых улюбёных месцаў – гэта Гішпанія, а дакладней – Каталёнія, Барсэлёна. Сёлета Вы там ізноў былі. Якія ў Вас уражаньні? Ці нешта там зьмянілася?"

(Глобус: ) "За гэтыя дзесяць гадоў, што я там час ад часу бываю, каталёнская культура, каталёнская мова адраджаюцца, і каталёнская дзяржаўнасьць фармуецца. Сытуацыя пачынае зьмяняцца ў лепшы бок. Гэта мяне вельмі радуе. Таму, хоць Вы й кажаце Гішпанія, і так яно пазначана на ўсіх мапах, але я чакаю, калі ў будучыні на карце будзе пазначаная дзяржава Каталёнія".

(Карэспандэнтка: ) "Што пішаце? Якія творчыя пляны?"

(Глобус: ) "У верасьні выйдзе адна мая кніжка. Я спадзяюся, што ўсё будзе нармальна. Называецца яна "сУчасьнікі". Гэта кніга пра асобу і натоўп. Гэта рэакцыя чалавека творчага, які жыве, існуе ў вялікім натоўпе".

(Карэспандэнтка: ) "Слова "сУчасьнікі" – гэта Вашая вынаходка?"

(Глобус: ) "Вядома. Я проста зьмяніў націск".

(Карэспандэнтка: ) "Але гэтая назва ператварыла некаторых Вашых знаёмых у Вашых вялікіх крытыкаў. Чаму менавіта сУчасьнікаў Вы вырашылі выдаваць?"

(Глобус: ) "Таму што такая рэальнасьць. Я так яе ўспрымаю... Бяру ўчора "Комсомольскую правду", чытаю, што камсамольскі паэт Някляеў вылучае ляўрэата ўсіх камсамольскіх прэміяў Барадуліна на Нобэлеўскую прэмію. Гэта ж анэкдот. Гэта сУчасьнікі.

"СУчасьнікі" зрабілі мяне больш папулярным, але менш паважаным. Кнігу сустракае больш агрэсіўная рэакцыя. Я лічу, што беларусы любяць крыўдаваць, і калі іх крыўдзіш, яны тады зьвяртаюць на цябе ўвагу. А калі зь імі лагодна, яны проста цябе ігнаруюць. Таму я вось так іранічна крыўджу людзей".

Гл. таксама • Адам Глобус: "У сваёй краіне я адчуваю максымальную свабоду. Беларусь — мая краіна"