Цытаты мінулага – 12 жніўня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі Прэса розных гадоў за 12 жніўня.
Расейскамоўная “Красноармейская правда”, 1925 год. Пад рубрыкай “Куток беларуса” па-беларуску паведамляецца:

“У ленпалатці 2-ой батарэі 27-га артпалку ўсіх гурткоў, якія спраўна працуюць, тры: каапэрацыўны, сельска-гаспадарчы і палітычны. Узноў пачаў працуваць беларускі. У кожным гуртку налічваецца амаль 15 – 17 сяброў. Займаюцца ад аднаго да двух разоў у тыдні. Кожны раз па сканчэньні навучэньня яшчэ доўга талкуюць аб тым, як трэба будзіць шмат папрацаваць дома на вёсці і памагчы таварышом у выпратаньні іх абмылак, што яшчэ падмечаецца”.

“Комунар Магілеўшчыны”, 1935 год:

“Заканчваецца новы набор у магілеўскі педагагічны тэхнікум. На 335 месц паступіла 1095 аформленых заяў. Што прадстаўляюць сабой будучыя студэнты? Усе яны маюць адукацыю за няпоўную сярэднюю школу. Сярод іх 28 рабочых, 886 калгаснікаў, 162 аднаасобнікі, 11 служачых, 8 настаўнікаў. Па нацыянальнасці: беларусоў – 1081, яўрэяў – 8, палякаў – 4, іншых – 2. Аднак зусім слабая партыйна-комсамольская праслойка паступаючых. З 1095 чалавек – толькі 20 комсамольцаў і ні аднаго члена і кандыдата партыі”.

“Сталинская молодежь”, 1955 год. Кандыдат пэдагагічных навук Е.Ерась сьцьвярджае:

“Каханьне – гэта вельмі складанае чалавечае пачуцьцё. Яно грунтуецца на глыбокай душэўнай блізкасьці, узаемнай павазе, сяброўстве; каханьне ўключае эстэтычныя і інтэлектуальныя адчуваньні. Глыбокае пачуцьцё любові да чалавека іншага полу можа паўстаць толькі тады, калі чалавека добра зьведаеш, зразумееш і палюбіш ягоны характар, інтарэсы, жыцьцёвыя ідэалы, перакананьні. Нельга пакахаць ворага Радзімы, клясавага ворага, няхай ён звонку будзе клясычнай прыгажосьці. Чалавека можна кахаць толькі за духоўную прыгажосьць, а не за прыгожы выгляд”.