А.Лукашэнка зь верталёта паглядзеў на наступствы ўрагану

Ганна Соусь, Менск Ці будуць сёньня ў Беларусі зьліквідаваны наступствы ўрагану? У адпаведнасьці з загадам Аляксандра Лукашэнкі, да сёньняшняга вечара павінны быць зьліквідаваны наступствы пазаўчорашняга ўрагану. Для каардынацыі дзеяньняў быў створаны рэспубліканскі штаб на чале з прэм’ерам Сяргеем Сідорскім. Тым часам у многіх раёнах Беларусі дагэтуль няма электрычнасьці.
Прэм’ер-міністар Беларусі Сяргей Сідорскі сёньня даклаў Аляксандру Лукашэнку, што ў сталіцы Беларусі цалкам узноўлена забесьпячэньне электрычнасьцю.

(Сідорскі: ) “Горад найбольш пацярпеў ад стыхіі. Сёньня цалкам працуе сыстэма энэрга– й водазабесьпячэньня сталіцы нашай краіны”.

Ад пасёлку Сухарукія да Менску — усяго некалькі кілямэтраў. Сёньня а шаснаццатай гадзіне там яшчэ не было ані вады, ані сьвятла. Гаворыць жыхарка Сухарукіх спадарыня Марыя.

(Спадарыня Марыя: ) “Калі жыхары раёну патэлефанавалі ў энэргасетку, то нам патлумачылі, што вы, маўляў, належыце да нейкай трэцяй катэгорыі, і таму вам будуць рабіць у апошнюю чаргу. Як можна ўвогуле дзяліць людзей на нейкія катэгорыі, калі ўсім патрэбна сьвятло? У нашым пасёлку існуюць прыватныя крамы. І хто будзе іхным уладальнікам кампэнсоўваць страты? У нашым пасёлку ўсё залежыць ад сьвятла. Вада паступае ў кватэры зь нейкай мясцовай станцыі, а тая таксама сілкуецца ад электрычнасьці. Акрамя таго, што безь сьвятла, дык мы яшчэ й без вады ўжо другія суткі. Нам дастаўляюць толькі прамысловую ваду, пітное вады ніхто не прывозіць”.

З аналягічнай праблемай сутыкнулася й гісторык Ніна Стужынская, якая жыве ў вёсцы Пятрышкі за 30 кілямэтраў ад Менску.

(Cтужынская: ) “У нас яшчэ сьвятла не было. А калі няма сьвятла, то ў нас няма нічога — ані сувязі, ані вады. І ўсе так пакутуюць. Сёньня не абяцана, што будзе сьвятло, таму што вялікія пашкоджаньні на нейкіх высокіх лініях. У нас зазвычай няма сьвятла: толькі-толькі нейкі дожджык крапне — і ўжо нічога няма, бо такія камунікацыя кепскія й старыя”.

Паводле апошніх дадзеных Міністэрства надзвычайных сытуацый, ад урагану пацярпелі больш за 6 тысяч населеных пунктаў Беларусі. Былі часткова пашкоджаны 42 вытворчыя памяшканьні, амаль 900 сельскагаспадарчых будынкаў, сапсаваны амаль 7 тысяч кілямэтраў ліній электраперадач. Дакладны памер матэрыяльных страт для гаспадаркі краіны яшчэ не названы.

Што да страт прыватных асоб, то, напрыклад, у Менску было пашкоджана шмат аўтамабіляў (на іх паваліліся дрэвы). Я зьвярнулася ў аддзел страт страхавой кампаніі “Альвена”, каб высьвятліць, ці прыходзяць да іх кіроўцы па кампэнсацыі. Гаворыць супрацоўнік кампаніі спадар Валеры.

(Валеры: ) "Па страхаваньні “Каско” ніхто пакуль не зьвяртаўся. Тыя людзі, у каго няма “Каско”, зьвярталіся да нас, але мы былі змушаны ім адмовіць. Гэта — наступства стыхійных бедзтваў, і таму тут можа дапамагчы толькі страхоўка “Каско”".

Як патлумачылі ў “Альвене”, большасьць беларускіх кіроўцаў зазвычай набываюць страхоўку грамадзянскай адказнасьці, а не “Каско”.

Сёньня Аляксандар Лукашэнка наведаў пацярпелы ад ўрагану Слуцкі раён Менскай вобласьці, дзе яму дакладалі пра хаду жніва. Ён таксама абляцеў на гэлікоптэры Менскі, Узьдзенскі, Капыльскі й Пухавіцкі раёны Меншчыны. Патрабуючы неадпрэчнага выкананьня тэхналёгій у сельскай гаспадарцы, Лукашэнка заявіў: “мы прымусім своечасова араць і сеяць”.

***

Страты ўраджаю з-за неспрыяльных умоваў надвор’я могуць скласьці ў цэлым па Беларусі 700 тысячаў тонаў зерня. За двое сутак ў многіх рэгіёнах выпала паўтарамесячная норма ападкаў, што спалучалася з шквалістым ветрам. Гэтыя абставіны найбольш згубна адбіліся не зерневых і зернебабовых культурах і могуць прывесьці да рэзкага пагаршэньня якасьці зерня, папярэджваюць у Інстытуце земляробства і сэлекцыі Акадэміі навук Беларусі. Навукоўцы рэкамэндуюць у гэтых умовах сабраць ўраджай як мага хутчэй, у самыя сьціслыя тэрміны.

Гл. таксама • Ад стыхіі пацярпелі каля чвэрці населеных пунктаў Беларусі (фотарэпартаж)