“Дыскавэры” пасьпяхова выканаў місію і вярнуўся на Зямлю

Вячаслаў Ракіцкі, Прага Пасьля двух незаплянаваных рамонтаў і двух дадатковых дзён у космасе чаўнок “Дыскавэры” сёньня пасьпяхова вярнуўся на Зямлю. Гэтакім чынам завяршыўся першы палёт чаўнака пасьля катастрофы “Калюмбіі” ў лютым 2003 году.
З-за неспрыяльнага надвор’я ў Фларыдзе амэрыканскае касьмічнае агенцтва было вымушанае адмовіцца ад намеру пасадзіць карабель у касьмічным цэнтры імя Кэнэдзі на мысе Канавэрал і перанесла пасадку на базу паветраных сілаў ЗША “Эдвардз” у Каліфорніі.

Адразу пасьля прызямленьня камандзір Эйлін Колінз выказала пачуцьці ўсяго экіпажу:

(Колінз: ) “ Мы радыя вярнуцца. І мы віншуем усю каманду з добра зробленай працай”.

Узьлёт “Дыскавэры” 26 ліпеня быў ня вельмі ўдалым – пры разгоне ад карабля адляцеў кавалак тэрмаізаляцыі. Таму астранаўты былі вымушаныя дадаткова выйсьці ў адкрыты космас, каб пераканацца, што зь цеплавой абаронай карабля ўсё ў парадку і тое-сёе адрамантаваць.

Чаўнок на 9 дзён быў прыстыкаваны да Міжнароднай касьмічнай станцыі, дзе экіпаж “Дыскавэры” замяніў сапсаванае абсталяваньне. Гэта і было іхнай галоўнай задачай. Усяго было тры выхады ў адкрыты космас. У часе іх астранаўты з выкарыстаньнем найноўшай тэхнікі таксама правяралі магчымыя мэтады рамонту цеплаабаронных элемэнтаў. На думку інжынэраў, менавіта іх пашкоджаньне і стала прычынай перанаграваньня “Калюмбіі” пры ўваходжаньні ў атмасфэру Зямлі. Вынік той катастрофы – поўнае зьнішчэньне касьмічнага карабля і сьмерць усіх сямі астранаўтаў, што былі на борце.

Экіпаж “Дыскавэры” ўпершыню ў гісторыі зрабіў рамонт непасрэдна на арбіце. Астранаўт Стывен Робінсан, які выходзіў дзеля гэтага ў адкрыты космас, сказаў:

(Робінсан: ) “Магчымасьць адрамантаваць залежыць ад магчымасьці агледзець. Цяпер мы ведаем пра наш чаўнок болей, чым які іншы экіпаж пасьля вяртаньня дамоў. Гэта – фантастычны крок наперад. Наступным крокам павінна быць здольнасьць адрамантаваць любое пашкоджаньне, якое будзе выяўленае ў часе палёту. Наш чаўнок не патрабаваў ніякага асаблівага рамонту, была толькі невялікая праблема з кавалкам ізаляцыйнай пракладкі, які вытыркаўся са шчылін абшыўкі. Але праца, якую зрабілі людзі на падставе тэстаў у адкрытым космасе, заклала першую цаглінку на гэтым шляху. Такім чынам, мы пераканаліся, што істотны прагрэс будзе дасягнуты вельмі хутка.”

“Дыскавэры” быў у космасе на два дні болей, чым плянавалася. Адзін дзень запатрабаваўся дзеля як мага больш поўнага забесьпячэньня правізіяй касьмічнай станцыі, бо пакуль не вядома, калі можа быць наступны палёт чаўнака. І яшчэ дзень знаходжаньня на арбіце дадалі наземныя дыспэтчары, якія перанесьлі прызямленьне з панядзелка на аўторак з-за дрэннага надвор’я.