Польшча выдзеліла мільён злотых на беларускую радыёстанцыю

Аляксей Дзікавіцкі, Варшава Польская дзяржава выдзеліла грошы недзяржаўным арганізацыям, якія працуюць на карысьць стварэньня незалежнай радыёстанцыі, якая б па-беларуску вяшчала на Беларусь.
Прэм’ер-міністар Польшчы Марэк Бэлька прыняў рашэньне выдзеліць на радыёвяшчаньне для Беларусі 950 тысячаў злотых (гэта каля 300 тысячаў даляраў) з рэзэрву дзяржаўнага бюджэту.

Напрыканцы ліпеня міністар замежных справаў Польшчы Адам Ротфэльд заявіў, што цяпер, беручы пад увагу апошнія падзеі ў Беларусі, галоўная задача Варшавы – пашырыць беларусам доступ да незалежнай інфармацыі.

Тады ж старшыня дзяржаўнай Рады Радыё і Тэлебачаньня Данута Ванэк заявіла, што для стварэньня беларускага радыё на польскай тэрыторыі можна было б выкарыстаць частоты і перадатчыкі радыё “Рацыя”, якое мае ліцэнзію да канца наступнага году.

На мінулым тыдні МЗС Польшчы пацьвердзіла, што Польшча вядзе перамовы з ЗША і Эўрапейскім зьвязам ў справе сумеснага фінансаваньня незалежнай радыёстанцыі.