Што ўбіў, тое ўехаў

Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Гэтае насьмешнае, амаль зьдзеклівае азначэньне сталася прычынаю ці ня першай маёй крыўды. Недарэмна ж падмацаваньнем яму паслугуе выраз ня сьцёбнеш – не пацягне. А высьцебала мяне колісь маці гэтак балюча, што й цяпер сорам агортвае: маўляў, аніяк не ўваб’еш у галаву панятку, што жнейкай альбо пральляй не нараджаюцца, але робяцца. Мусіць, конь зь мяне нікудышні: ня здолела й пад сьцёбкай лаянкай, як належыць, пацягнуць. Думку то, здаецца, нарэшце ўбілі: умельства даецца працай. Але ў тонкасьць сялянскага занятку я так і ня ўехала. Моладзь, дарэчы, і цяпер гэтак жа дапытвае выніку якога патлумачэньня: “Ці ўехаў?”

Колькі разоў потым чула кінутае некаму ўсьлед ледзь ня роспачнае што ўбіў, тое ўехаў, а сьцёбным, як цяпер кажуць, гэтае выслоўе так прыняць і ня ўмею. Ёсьць-такі ў ягоным гучаньні нешта занадта пякучае: каго раззлуе й змусіць даводзіць уласную годнасьць, а каго й зусім прыгне.

У Расеі таксама высноўваюць: не подстегнешь – не поедешь, – нібы дапаўняючы нашу формулу што нукнеш, тое ўедзеш.

Народная псыхалёгія не мыляецца: навучаньне мае быць патрабавальным. І ўсё ж, кажучы што ўбіў, тое ўехаў, быццам абвяшчаюць прысуд: ні да чога ты, дружа, ня здатны, і няма чаго ад цябе чакаць. Высекчы гэтак лайдака – мабыць, праўдзіва. Наагул жа далікатная рэч – слова: як вядома, ім і забіць, і ажывіць магчыма. Таму, выцінаючы каго пугай: што ўбіў, тое ўехаў, – важна падсілкаваць, ды не параніць.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)