Адзінага кандыдата будуць выбіраць за мяжой?

Аляксандар Дашчынскі, Менск Арганізатары Нацыянальнага кангрэсу дэмакратычных сілаў, на якім будзе абраны адзіны кандыдат на прэзыдэнцкія выбары 2006 году, разглядаюць варыянт правядзеньня Кангрэсу па-за межамі Беларусі. Перамовы дачынна памяшканьня для гэтага ўжо вядуцца з прадстаўнікамі шэрагу краін, і пытаньне мяркуецца вырашыць цягам бліжэйшых 10 дзён.
Улады не далі дазволу на правядзеньне Кангрэсу дэмсілаў у Беларусі, і пытаньне арэнды памяшканьня застаецца нявырашаным.

У сувязі з гэтым арганізатары й пачалі разглядаць варыянт пераносу яго за межы Беларусі — у Расею, Украіну, Літву ці Польшчу. Канчатковага рашэньня пасьля сёньняшняга паседжаньня аргкамітэту пакуль не прынята. Паводле старшыні аргкамітэту Кангрэсу Аляксандра Бухвостава, гэтае пытаньне мусяць вырашыць кіраўнікі палітычных партый.

(Бухвостаў: ) “Няма пакуль яшчэ адзінай думкі. Але натуральна, што мы хацелі б правесьці Кангрэс, каб гэта было значнае, прыгожае мерапрыемства”.

Зь меркаваньня Бухвостава, найменш затратным выглядае перанос Кангрэсу ў Расею ці ва Ўкраіну. Аргкамітэт аб’явіў збор ахвяраваньняў. Падтрымаць Кангрэс фінансава змогуць усе грамадзяне Беларусі. Паводле грамадзкага лідэра Аляксандра Мілінкевіча, трэба, аднак, зрабіць усё магчымае для правядзеньня Кангрэсу ў Беларусі.

(Мілінкевіч: ) “Бо калі яго праводзіць за мяжой, — гэта будзе вялікая піяраўская памылка. Трэба зрабіць усё — можа, нават праводзіць на паляне, у лесе. І калі толькі нас жорстка разгоняць, — тады ўжо ехаць за мяжу”.

Аляксандар Вайтовіч лічыць: калі давядзецца абіраць іншую краіну для правядзеньня Кангрэсу, то тут найлепшым варыянтам будзе Расея.

(Вайтовіч: ) “Вядома, было б лепей зрабіць гэта ў Беларусі, але калі немагчыма ў Беларусі…У Беларусі цяпер амаль нічога немагчыма, немагчыма нідзе нікому сабрацца. Дык што рабіць? Трэба шукаць дзе іншае месца”.

Тым часам аргкамітэт ужо прыняў праект парадку дня Кангрэсу, стварыў рабочыя групы ў распрацоўцы пэўных дакумэнтаў. Паводле апошніх дадзеных, прайшло 96 раённых сходаў па вылучэньні дэлегатаў на Кангрэс, зь іх — 86 прызнаны аргкамітэтам. У сходах узялі ўдзел 3900 чалавек. Абрана 172 дэлегаты. Зь іх — 45 беспартыйных, 42 зьяўляюцца сябрамі АГП, 35 — сябры партыі БНФ, 25 — ад партыі камуністаў Беларускай. Ад сацыял-дэмакратаў Аляксандра Казуліна абрана 9 дэлегатаў, ад Маладога фронту — 5, ад Беларускай партыі працы й Народнай грамады па 4 дэлегаты. Па некалькі дэлегатаў маюць Кансэрватыўна-хрысьціянская партыя й БСДГ. Яшчэ засталося правесьці 59 сходаў.

***

Паводле Аляксандра Мілінкевіча, раённыя сходы выконваюць сваю галоўную мэту па актывізацыі й мабілізацыі актывістаў, аднак зацягваецца вылучэньне адзінага кандыдата ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнція выбары.

(Мілінкевіч: ) “Я быў заўсёды за тое, каб яго вылучыць як мага хутчэй. Я быў за тое, каб зрабіць гэта ў чэрвені, ліпені. Таму што калі мы пазьней вылучаем, то тут ёсьць некалькі момантаў непрыемных — зацягваецца час канкурэнцыі ня толькі паміж кандыдатамі, але паміж групамі, якія іх падтрымліваюць, і ёсьць ужо выпадкі, калі ў некаторых гарадох людзі замест таго, каб кансалідавацца, сварацца паміж сабой. Таму гэты працэс трэба канчаць хутчэй. Бо вылучэньне адзінага — толькі маленькі крок, і яго трэба зрабіць”.