У Берасьці абіралі дэлегатаў на паўторны VI зьезд Саюзу палякаў

Алег Супрунюк, Берасьце Сёньня ў Берасьці пад кантролем прадстаўнікоў уладаў і спэцслужбаў адбыўся сход, на якім абіралі дэлегатаў ад гарадзкой арганізацыі Саюзу палякаў на плянаваны на 27 жніўня паўторны 6-ы зьезд арганізацыі.
Для правядзеньня сходу мясцовых палякаў берасьцейскія ўлады дазволілі адчыніць актавую залю грамадзка-культурнага цэнтру – нягледзячы на тое, што ў будынку цяпер ідзе рамонт. Некаторыя ўдзельнікі сходу казалі, што прадстаўнікі гарвыканкаму спэцыяльна тэлефанавалі ім дадому і настойліва запрашалі да ўдзелу ў сёньняшнім сходзе. У памяшканьні, дзе адбываўся сход, і вакол яго было заўважана шмат людзей у цывільным.

Былы старшыня абласной арганізацыі Саюзу палякаў Станіслаў Трацяк прапанаваў, каб журналістам не дазволілі прысутнічаць на сходзе, аднак большасьць удзельнікаў гэтай прапановы не падтрымалі. Спадар Трацяк вядомы тым, што браў удзел у здымках фільму “Хто замовіў Саюз палякаў?”, пасьля чаго ўлады Польшчы адмовілі яму ў магчымасьці наведваць гэтую краіну.

Адзіным пытаньнем на сходзе было абраньне дэлегатаў на паўторны VI зьезд Саюзу палякаў Беларусі, які зьбіраецца ладзіць 27 жніўня ў Ваўкавыску група прызнаванага беларускімі ўладамі за старшыню СПБ Тадэвуша Кручкоўскага. Дарэчы, на сходзе ў Берасьці было абвешчана, што спадар Кручкоўскі зьвярнуўся зь лістом да старшыні Берасьцейскага аблвыканкаму, у якім просіць дапамагчы правесьці аналягічныя сходы на тэрыторыі Берасьцейскай вобласьці.

Пасьля абраньня дэлегатаў старшыня гарадзкога аддзелу СПБ Віктар Міронаў заявіў, што складае зь сябе абавязкі кіраўніка арганізацыі.