С.Скрабца перавялі з карантыну ў “Валадарку”, далі спаткацца са сваякамі

Уладзімер Глод, Менск Жонка і сын вядомага апазыцыйнага палітыка — кіраўніка дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргея Скрабца наведалі так званую “Валадарку” — сьледчы ізалятар часовага ўтрыманьня ў Менску, куды экс-парлямэнтара перавезьлі зь Берасьця. Ім дазволілі перадаць вязьню ежу і кнігі. А вось прыняць сьвежыя газэты адмовіліся.
Сын апазыцыйнага палітыка Мікалай ня бачыў бацьку больш за паўгоду. Аляксандра Скрабец гаворыць, што ён нават разгубіўся, паколькі бацька ніколі не выглядаў такім схуднелым:

(Аляксандра Скрабец: ) “Сын яго бачыў, калі муж важыў 95 кіляграмаў. А цяпер — 70. Мабыць, нават і менш. Муж казаў, што ў Берасьці ўзважыўся, і было 70 кіляграмаў. Але ж пакуль яго амаль пяць сутак везьлі ў Менск, ён амаль нічога ня еў. Казаў, што так лягчэй было пераносіць сьпякоту ў цягніку. Ды і давалі там такую страшную ежу, што муж баяўся, каб не атруціцца”.

Я пацікавіўся ў Аляксандры Скрабец, якія прысмакі яна падрыхтавала для мужа:

(Скрабец: ) “Рыбу смажаную, садавіну, гародніну. Таксама разынкі, курагу, чарнасліў, арэхі, семкі...”

Паводле спадарыні, муж адчувае сябе нядрэнна:

(Скрабец: ) “Гаворыць: галава не баліць, сон нармальны, чытаю, ем... Газэты ёсьць, у ізалятары іх выпісваюць. Але перадаць газэты нельга. Дазваляюць толькі выпісваць”.

Сяргей Скрабец папрасіў родных прынесьці яму кнігі Фёдара Дастаеўскага “Браты Карамазавы” і Льва Талстога “Вайна і мір”.

Што тычыцца малодшага брата Сяргея Скрабца Аляксандра, які праходзіць як суўдзельнік па справе старэйшага брата, дык ён 5 жніўня чарговы раз адказваў на пытаньні сьледзтва.

Сяргей Скрабец быў затрыманы 15 траўня каля свайго дому ў Менску. У той жа дзень яго адвезьлі ў Берасьцейскі сьледчы ізалятар. Там на знак пратэсту ён абвясьціў галадоўку, якая цягнулася амаль 40 дзён. Пасьля таго, як рэспубліканская пракуратура аб’яднала дзьве справы былога дэпутата — выманьваньне крэдытаў у дзяржавы і падбухторваньне да дачы хабару — у адну справу, сьледчы ў асабліва важных справах Вячаслаў Цераховіч вырашыў перавесьці арыштанта ў Менск.

Летам 2004 году Сяргей Скрабец удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай аб палітычным прытулку, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне сьцьвярджала, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз зь Вільні 200 тысяч даляраў, нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.