Беларуская прэса за 4 жніўня

Падрыхтаваў Зьміцер Падбярэскі
“Красноармейская правда”, 1925 год:

“Паленьне і алькаголь нішчаць арганізм чалавека. Гэта яшчэ раз пацьвярджаюць амэрыканцы. Яны ў сваіх статутах і настаўленьнях для страляньня пэўна згадваюць, што паленьне тытуню і ўжываньне сьпіртовых напояў шкодзяць стралку, таму што яны ўплываюць на зрок і нэрвы… Прыклад амэрыканцаў — карысны, і заслугоўвае самага шырокага ў нас распаўсюду хоць бы і не таму, каб зусім адвучыцца паліць, а дзеля таго, каб дасягнуць лепшых вынікаў у стралковым навучаньні”.

“Комунар Магілеўшчыны”, 1935 год. Інфармацыя БЕЛТА:

“Па ўсёй БССР адмянён раней існаваўшы продаж газы па картках. Вольны продаж газы па Менску пачынаецца з 2-га жніўня. У адны рукі па Менску будзе прадавацца тры літры газы, у Гомелі і Віцебску — 2 літры, Магілёве, Барысаве, Оршы, Добрушы, Полацку, Рэчыцы і Мазыры — 1,5 літра і па аднаму літру ва ўсіх астатніх раёнах. Літр газы будзе прадавацца па 47 капеек. Для продажу газы ў Менску абсталявана больш 10 крам. Апрача таго арганізуецца развозны гандль газай па гораду”.

“Витебский курьер”, 1995 год:

“У ноч з 26-га на 27 ліпеня ў Лёзна невядомы сьмяльчак узьняў на адну з вытворчых дымавых труб бел-чырвона-белы сьцяг. Мясцовая міліцыя ранкам схамянулася і пачала думаць аб тым, як яго зьняць. Адзін са служывых разгледзеў у бінокль, што побач са сьцягам прымацавана скрыня, на якой напісана: “Асьцярожна! Выбуховае прыстасаваньне!”… Але адшукаўся добраахвотнік — інспэктар у справах непаўналетніх, які залез на трубу і зьняў скрыню. Акуратна адчыніўшы яе, міліцыянты знайшлі запіску на беларускай мове: “Вярніце народу гістарычную памяць”, подпіс нейкага Мірона”.