Шчасьце ў ажынах

Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
У некаторых мясьцінах Беларусі, дзе расьце багата ажынаў, людзі карыстаюцца сваім, неймаверна трапным і маляўнічым выразам шчасьце ў ажынах.

Так, паэты кажуць, што “каханьне зьяўляецца назбыт вартым” і жыцьцё безь яго – нішто. А калі ж каханьне чыніць вялікія пакуты, калі прыносіць выпрабаваньне за выпрабаваньнем? Тады – застаюцца толькі ўцёкі, уцёкі ад рэчаіснасьці. І бягуць у такім разе хто куды. Хто ў будан – і ладзіць там свой вырай, а хто ў ажыны – і спрабуе там зьберагчы, адхукаць сваё каханьне. Вось так і раскрываецца глыбіня гэтага пачуцьця.

У будане насамрэч можа быць вельмі камфортна, і адзіная нязручнасьць – абмежаваная прастора – праблема вырашальная. У будане насамрэч можна наладзіць свой маленькі вырай, як зрабілі гэта легендарныя каханкі Трышчан ды Іжота:

Яны жылі, ня маючы аніякіх нязьдзейсьненых жаданьняў. У лесе было ўсьцяж прыгожа. І тады, калі неба было яснае й блакітнае, і тады, калі неба пакрывалі вясёлыя белыя хмаркі, і тады, калі ішоў дождж і напаўняў да берагоў рэчкі, і тады, калі празь лес плыла імгла. Закаханыя часта сядзелі на аднэй скале, што высілася над лесам. У прасьцягу адзін лес зьмяняўся другім, пакуль усё не пакрывала сінь далягляду. Раніцою закаханыя хадзілі басанож па расістых лугох, пакідаючы сінія сьляды на срабрыстай расе раніцы. Апоўдні яны шукалі халоднага ценю разгалістых букаў ці купаліся ў халодных ясных водах ручая”,

– так раман Ж. Бэдзье перакладаў Лявон Галяк. Мяркую, што каханкі ня надта праглі зьведаць беларускі экстрым і ня сунуліся кахацца ў ажыны... Дый ня кожнаму пашанцуе знайсьці такі казачны лес.

Зусім іншая рэч – шчасьце ў ажынах. Як захаваць тую ж жарсьць, тую ж пяшчоту і ўтрапеньне, калі вострыя пыжы ўтыркаюцца ў тваё цела, калі яму боляча гэтак жа, як і душы? Зразумела, што ўсё гэта – адна магутная мэтафара, але яе зыходныя кампанэнты годна перадаюць усю веліч Праўдзівага Каханьня! Хай кожнаму чалавеку пашчасьціць зьведаць яго, каб кожны мог сказаць так, як Іжота: “Толькі пры табе мая бацькаўшчына й маё неба. Праз тысячу міляў я чую цябе”.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)