Валер Каліноўскі, Менск Каля амбасады Польшчы ў Менску адбылася яшчэ адна акцыя БРСМ пад лёзунгам “Ня ўмешвайцеся ва ўнутраныя справы Беларусі”. Тым часам з антыпольскімі заявамі і ацэнкамі працягваюць выступаць дзяржаўныя органы і СМІ Беларусі.
Разам з транспарантамі і сьцягамі актывісты БРСМ прынесьлі пілу і бервяно з надпісам “Дружба”, ад якога насупраць уваходу ў амбасаду Польшчы яны адпілавалі кавалак. Гаворыць арганізатар акцыі Дзьмітры Жалко:
(Жалко: ) “Другі дзень мы пілуем гэтай польскай пілой наш сумесны дом, нашу сумесную будучыню. На жаль, яшчэ знаходзяцца такія людзі, такія хлопцы, якія ня могуць жыць у міры, дружбе і згодзе”.
Спадар Жалко, як і большасьць іншых удзельнікаў акцыі, якіх удалося апытаць, ня змог патлумачыць, якія канкрэтныя прэтэнзіі ў іх да польскай дзяржавы. Выявілася, што ніхто зь дзясятка апытаных удзельнікаў акцыі ні разу ня быў у Польшчы і нават ня ведае прозьвішча дзейнага прэзыдэнта польскай дзяржавы. Больш абазнаныя ў палітыцы былі пэнсіянэркі, якія далучыліся да актывістаў БРСМ:
(Спадарыня: ) “Яны ня хочуць усталёўваць моцныя сяброўскія кантакты, эканамічныя, палітычныя”.
(Іншая спадарыня: ) “Нашых палякаў яны нацкоўваюць. У Горадні — навошта яны прыяжджаюць, і наш Саюз палякаў, які цудоўна існаваў, узялі і падзялілі”.
Тым часам дзяржаўныя беларускія СМІ працягваюць распаўсюджваць нэгатыўныя ацэнкі польскай палітыкі адносна Беларусі: першы нацыянальны тэлеканал заявіў, што Саюз палякаў з дапамогай Польшчы зьбіраўся арганізаваць незалежнае назіраньне на выбарах 2006 году; газэта “Рэспубліка” напісала, што Польшча марыць пра вяртаньне “крэсаў усходніх” і мае “доўгатэрміновыя пляны рэвізіі межаў”. Дзьве камісіі Палаты прадстаўнікоў ухвалілі рэзалюцыю з пратэстам супраць умяшаньня Польшчы ва ўнутраныя беларускія справы. Паводле прапановы дэпутата Вольгі Абрамавай, у тэкст было ўключанае дадатковае палажэньне:
(Абрамава: ) “Хоць ва ўсёй сытуацыі ёсьць нюансы і зь беларускага боку, якія мяне не задавальняюць, але пазыцыя Польшчы не задавальняе мяне значна болей. Таму я кваліфікавала ўсё, што адбываецца, як спробу стварыць кіруемы звонку канфлікт”.
Апазыцыйны беларускі палітык польскага паходжаньня Яраслаў Раманчук перакананы, што міжнацыянальны канфлікт у Беларусі распальваецца беларускімі ўладамі і афіцыйнымі СМІ:
(Раманчук: ) “Людзі яшчэ не глядзяць на гэта праз прызму міжэтнічных канфліктаў. Але калі беларусам праз нашае ідэалягічнае прапагандысцкае тэлебачаньне гаварыць, што палякі прыніжаюць беларусаў, калі паўгоду бамбаваць такім чынам мазгі людзей, то, мабыць, нейкая частка падумае, што так яно і ёсьць. Небясьпека ў тым, што няма альтэрнатыўных крыніц інфармацыі, дыскусіі. Як вады ў рот набралі дэпутаты ад Гарадзеншчыны і Берасьцейшчыны”.
Яраслаў Раманчук тлумачыць дзеяньні ўладаў супраць Саюзу палякаў чарговай спробай А.Лукашэнкі знайсьці ворагаў напярэдадні выбарчай кампаніі 2006 году.
Тым часам МЗС Чэхіі выступіла з заявай, у якой выказваецца абурэньне дзеяньнямі беларускіх уладаў, скіраванымі супраць Саюзу палякаў і яго новага дэмакратычна абранага кіраўніцтва. “Гэтыя крокі мы ўспрымаем як парушэньне правоў нацыянальных меншасьцяў на тэрыторыі Беларусі, яны супярэчаць міжнародным забавязаньням, і таму мы лічым іх непрымальнымі”, — гаворыцца ў заяве МЗС Чэхіі. “Чэская Рэспубліка будзе і надалей у адпаведнасьці з палітыкай Эўразьвязу прапаноўваць падтрымку беларускім грамадзянам з дэмакратычнымі поглядамі дзеля ўмацаваньня грамадзянскай супольнасьці ў Беларусі”, — заявіла замежнапалітычнае ведамства Чэхіі.