Шпрыцы зь ВІЧ-інфэкцыяй на крымскіх пляжах?

Ганна Соусь, Менск Сёлета на крымскіх пляжах падчас курортнага сэзону 13 чалавек параніліся выкарыстанымі шпрыцамі, і ў 6 выпадках шпрыцы, як выявілася, былі ВІЧ-інфікаваныя. Многія беларусы штогод абіраюць Крым месцам адпачнку. Наша карэспандэнтка высьвятляла, як паставіліся да інфармацыі пра верагодную небясьпеку прадстаўнікі беларускага турбізнэсу, а таксама людзі, якія штогод адпачываюць на Крымскай паўвысьпе.
Распаўсюджаную расейскімі інфармацыйнымі агенцыямі інфармацыю пра пацярпелых ад заражаных ВІЧ-інфэкцыяй шпрыцоў на крымскіх пляжах галоўны рэдактар газэты “Туризм и отдых” Сяргей Плыткевіч успрыняў скептычна.

(Плыткевіч: ) “Хутчэй за ўсё, гэта дэзынфармацыя. Думаю, што гэта паказвае стаўленьне расейцаў да сваіх суседзяў, якое праяўляецца такім чынам”.

(Карэспандэнтка: ) “А вам ніякай інфармацыі не паступала з Крыму?”

(Плыткевіч: ) “Канкрэтнай інфармацыі не паступала. Толькі чуткі, і толькі інфармацыя з расейскіх СМІ”.

У прэсавай службе Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны карэспандэнту Беларускай “Свабоды” пацьвердзілі факт раненьня заражанымі ВІЧ-інфэкцыяй шпрыцамі.

(Супрацоўніца прэсавай службы: ) “Такую інфармацыю мы падавалі. Так”.

Паводле афіцыйнай інфармацыі, усім параненым была аказаная неабходная дапамога, а таксама праведзеная посткантактная прафіляктыка антывіруснымі прэпаратамі. Міністар аховы здароўя Ўкраіны Мікалай Палішчук даручыў Дзяржаўнай санэпідэмслужбе тэрмінова праверыць усе пляжы і забараніць выкарыстаньне тых зь іх, якія не адпавядаюць патрабаваньням, гаворыцца ў паведамленьні прэсавай службы Міністэрства аховы здароўя Ўкраіны.

А вось якая была першая рэакцыя беларусаў, якія штогод адпачываюць у Крыме. Гавораць Марыя Чарнавусава і Алег Мігіневіч:

(Чарнавусава: ) “Проста ў шоку. Неяк не паверылі. Гэта вельмі страшна. Я ў Крым езьдзіла шмат разоў, мне вельмі падабаецца там, але калі я пачула гэтыя страшныя зьвесткі, то нават ня ведаю, ехаць туды ці не. На яго ж можна наступіць неяк неакуратна, ці дзіця можа падабраць”.

(Мігіневіч: ) “Недзе ў адным месцы знайшлі. Напэўна, наркаманы калоліся там. Калі паеду, то паеду. Там ёсьць чыстыя нармальныя пляжы, санаторныя, дзе нікога іншага не пускаюць. Але ёсьць і моладзевыя пляжы, усе брудныя, там, напэўна, такое і адбылося”.

У беларускіх турыстычных агенцыях неахвотна камэнтуюць сытуацыю. У турфірме “Салід” кажуць, што ў іх пакуль не было ніякіх скаргаў ад турыстаў, якія адпачываюць у Крыме. А вось што сказалі Радыё Свабода ў турагенцыі “Актам”:

(Супрацоўніца: ) “Не было няікай рэакцыі. Мы ня ведаем пра гэта. Навошта паніку выклікаць... У нас летась шмат турыстаў было ў Крым, сёлета столькі ж. У нас прапановы добрыя, і людзі задаволеныя адпачынкам”.

Як адзначаюць назіральнікі, сёлета вырасьлі кошты на турыстычныя туры ў Турэччыну, Эгіпет ды іншыя паўднёвыя краіны, але Крым традыцыйна лічыцца адносна недарагім месцам адпачынку для беларусаў.

Паводле зьвестак украінскага Цэнтру прафіляктыкі СНІД, ад 1987 году да 1 ліпеня 2005 году ва Ўкраіне афіцыйна было зарэгістравана 81 200 ВІЧ-інфікаваных. У Беларусі прыкладна за такі ж пэрыяд часу колькасьць ВІЧ-інфікаваных склала 6581 чалавек.