Прыватны дзёньнік: Павал Марціновіч

Павал Марціновіч, Менск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе паэт і перакладчык зь Менску Павал Марціновіч.
* * *

Раніцай прачытаў у “ЛіМе”: “Паколькі мы аб’ядноўваемся з Расеяй…” Гэта ты вырашыў аб’яднацца? За цябе вырашылі, і гэтае “паколькі” тырчыць, як шыла зь мяшка. Электарат сапраўды да нядаўняга часу радаваўся: “Злучымся з Расеяй, буду езьдзіць бясплатна да сваіх у Ленінград”. Во якія прывілеі мецьмем: з Волагды езьдзяць у Санкт-Пецярбург за грошы, а зь Менску — на дурніцу. Электарату зусім прымітыўнаму, пэўна, паабяцалі: злучымся, кожны жанаты атрымае па мяшэчку алмазаў, кожная старая дзеўка — паўмяшэчка, а стары кавалер — траціну мяшэчка і трошкі бурачкоў.

Увечары паказваюць па БТ пасяджэньне ці то палатнікаў, ці то саветнікаў. На ўсю краіну абвешчана: няшчасны Марыніч цудоўна маецца. Ажаніўся. Ну, вядома ж, каб атрымаць пабольш алмазаў. На ўвесь экран агромністая мардасіна пэрыфэрыйнага боса (ад слова “басяк”), як ён сьмяецца, як ахвотна рэагуе на дасьціпнасьць! Між тым, маёмасьць Марыніча захоплена. Тое, што ён нажыў доўгімі гадамі нуднай працы, дзякуючы якой менчукі мелі ваду і сьвятло, а вырабы нашых скрупулёзных, мэтадычных, надзвычай сумленных працаўнікоў нейкім цудам траплялі то ў Латвію, то ў Вугоршчыну, адабрана за дзёрзкасьць. Ніякай ні льняной, ні васільковай рэвалюцыяй у паветры ня пахне. Пасьля захопу маёмасьці. Пэрманэнтнага. Пакуль Марыніч сядзіць, ніякі дэмакратычны прэзыдэнт у Беларусі ня можа быць абраны…

* * * Якія цудоўныя дні! Як пасьвяжэла падчас і пасьля ўкраінскіх падзеяў!

Дзялюся сваёй радасьцю з суседзямі. Гэта пераважна камэрсанты, вялікія прыхільнікі дэмакратыі, калі верыць аднаму зь мітаў. Ніякай радасьці яны не адчуваюць, а некаторыя дык затыкаюць вушы, каб ня чуць маёй ацэнкі нашай рэчаіснасьці. А якія прыхільнікі беларушчыны гэта некалі былі!

Утульны твой зацішак. Нідзе ня бзыкнеш лішак. Зь Днём Волі не вітаеш. А назва — назва тая ж.

Хто зь пільнасьцю падвойнай — з нажываю двайной. Супроць кароўкі дойнай пастух ня прэ вайной!

* * * Сёньня сустрэўся з рэдактарам віленскай беларускай газэты “Рунь”, выдаўцом і паэтам Алегам Мінкіным. Ужо “на мазі” выданьне анталёгіі беларускай дзіцячай паэзіі, спадар Алег прывёз пагадненьні на подпіс. Анталёгія выходзіць у Вільні. Няблага. Нядаўна і ў Менску выйшаў вялікі том беларускіх вершаў для дзяцей. Там практычна няма Артура Вольскага, Барадуліна, Бураўкіна, Іпатавай, Зуёнка. Бальшыню складаюць аўтары, якіх у “Вясёлцы” перапісвалі ўсе: ад галоўнага рэдактара да машыністкі. Гэта пераважна пэрыфэрыйныя вершаскладальнікі. Мода цяпер такая. Славутая трэцяя частка “Сымона-музыкі” прадстаўленая дзесяцьцю ці дванаццацю радкамі. Нацыянальныя пачуцьці ўзгадоўваць цяпер ня ў модзе. Памятаю, як чытаў гэтыя строфы з “Сымона-музыкі” ў цяперашняй Сантацы (раней Баран-рапа) пад Вільняй. Выданьне Барыса Клецкіна з “Пагоняй” на вокладцы…

Сустрэча зь Мінкіным была ў Доме літаратара. Як гэта ў “Бібліі”? “Мярзота запусьценьня”. Спрабаваў павесіць палітон каля вахцёра. Той гыркнуў і не дазволіў. Зь цяжкасьцю знайшлі месца ў той зальцы, дзе калісьці была выстава цудоўных карцін Алеся Пушкіна. Гадоў пятнаццаць таму. Карціны тады скралі…

Падчас візыту ў Дом літаратара зрабіў спробу адшукаць сьляды Бюро прапаганды мастацкай літаратуры. А раптам яно ўваскрэсла?.. Дарэмныя спадзяваньні… Найбольш любіў я калісьці на выступах па лініі гэтага Бюро чытаць верш чэскага клясыка П.Бэзруча “Бэрнард Жар”.

Сусед мой Бэрнард Жар, ды на чужацкі ўзор загадвае сябе зваць — Бэрнард Жор. Глядзіць дзяцей, клапоціцца пра жонку, ідзе ў касьцёл — на ім сьвяточны ўбор. Усё прыстойна — і знутры, і звонку, але ніколі чэскую гамонку сусед ня пусьціць да сябе на двор…

* * * На просьбу Рамукоў з Чыкага (вельмі паважаныя сярод нашых эмігрантаў людзі) шукаю беларускія духоўныя сьпевы. У кіёску каля царквы з грэблівасьцю адказалі “нету”, у касьцёле на Леніна знайшоў аж два сьпеўнікі…

* * * Наведаў Лідзію Львоўну Арабей. Рэдка пра яе пішуць, рэдка паказваюць. Здаецца, па “Свабодзе” апошні, хто казаў пра яе творчы набытак, быў Язэп Барэйка. Удава славутага мастака кіно Ганкіна — запомніўся ён мне надзвычайнай шчырасьцю і сьціпласьцю, а таксама цудоўнай беларускай мовай — жыве ў цэнтры Менску. Велізарныя гмахі засланяюць яе дом, хаваюць ад яе Менск, ад Менску — яе. Зацішак, цяністы, але змрочны. Наўрад ці ён спрыяе творчасьці, але шмат чаго яшчэ ёй не спрыяе. Я нават зьдзіўлены, што яна, як і раней, не спыняецца, піша. Тым больш, што нешта яшчэ больш каштоўнае, як тое, што зьвязана зь іхным асабістым дасьведчаньнем (другая ўсясьветная вайна і жыцьцё чалавека падчас яе) пісьменьнікі Лідзія Арабей, Валянцін Тарас, Галіна Васілеўская наўрад ці створаць…

Лідзіі Арабей зроблены падарунак, вельмі шчыры і сапраўдны: мастак і прадпрымальнік Віктар Хурсік бліскуча выдаў яе новую кнігу “Пошук ісьціны”. Яе трэба патрымаць у руках — яна не саступае (паліграфія, афармленьне, дарэчы, ягонае, якасьць паперы, чытэльнасьць шрыфту, мноства цікавых фатаздымкаў…) заходнім бэстсэлерам. Яе трэба прачытаць — каб убачыць, што ня толькі ты гэтак думаеш, а і вядомая пісьменьніца, якая пражыла цяжка, як ня дай Бог нікому.

* * * Чытаю Бёрнза. Адзін міт, што нібыта ён уславіў піва ў сваім самым славутым вершы “Джон Ячменнае зерне”, разьвенчаны. Гэта — ода віскі. Другі міт: уяўленьне пра Бёрнза як асобу ледзь не багемную. Ён ведаў, што і дзе творыцца, у тым ліку ў Беларусі.

Схапіла Стася ў кіпцюры старая Кэт любежна, краіна ад любошчаў тых сагнулася, як лук. Хай чорт засуне ў дупу ёй вялізны прэнт з масенжа ды ў пекле пэпару задасьць, сагнуўшы Кэт у крук.

Гэта — пра Кацярыну II і нашага землячка Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Прыгадаў, што адзін з дэмакратычных кандыдатаў у кандыдаты на прэзыдэнта спадар Мілінкевіч калісьці знайшоў нешта дужа каштоўнае, зьвязанае з гэтым палітычным дзеячам. Ці знойдзе ён карону сабе?