Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
З усіх жывёлін беларуская мэнтальнасьць найбольшую ласку мела да каня. З пракаветных часоў конь для беларуса – гэта верны сябра й надзейны памочнік, увасабленьне сілы, здароўя й плоднасьці, сымбаль удачлівасьці й дабрабыту. Выява конскае галавы на страсе засьцерагала жытло ад бядотаў, а падкоўка над дзьвярыма забясьпечвала шчасьцем. Абавязковай была прысутнасьць каня ў большасьці сьвятаў: яго “вадзілі” на Каляды, на ім скакалі праз купальскае вогнішча, зь яго дапамогаю – варажылі. Меў наш конік і ўласнае, “конскае сьвята” – Вялеса-Аўласа, калі косю песьцілі й ладзілі яму адмысловую бяседу. На Віцебшчыне ж быў вядомы неперасягнены паводле глыбіні звычай ушанаваньня жывёліны: найстарэйшы чалавек у хаце кланяўся косеньку ды зь сьлязьмі цалаваў капыточкі! Мажліва, гэта адбывалася ў той самы “конскі Вялікдзень”, каб улетку зьдзейсьніліся цуды-праявы: дзе конь нагою – там жыта капою. Невыпадкова, што найвялікшыя ўзьлёты й падзеньні ў нашым жыцьці мы лучым менавіта з гэтай жывёлінкай: быў на кані й пад канём.
У беларускіх замовах белы конь – гэта атрыбут самога Бога, а Ярылаў конь на “Пагоні” – сымбаль свабоды, неадольнае цягі да яе. Што можа быць прыгажэйшае за тое, калі добры вершнік лунае па-над зямлёю, па-над водарам траваў так лёгка й грацыёзна, нібы ў іх адна воля. І любоў гэтая наўзаем. Вось як цёпла сустракае конь рыцара пасьля доўгае разлукі: “Пярэднія ногі палажыў Баву на плечы й пацалаваў усты Бава”. Так пісалі ў XVI стагодзьдзі ў беларускіх рыцарскіх раманах.
Конь быў неад’емнай часткай беларускага жыцьця – і сялянскага, і магнацкага. Добры конь быў гонарам для гаспадара. Коней гадавалі й вучылі амаль у кожным маёнтку. Нездарма й першая ў Эўропе кніга з майстэрства конегадоўлі – “Гіпіка” – была створаная Крыштафам Дарагастайскім, дзяржаўным дзеячам ВКЛ, менавіта тут, у Беларусі, у маёнтку Ашмяна Мураваная ў 1602 г. Кніга была аздобленая неймавернае пекнаты гравюрамі Тамаша Макоўскага, зь якіх конь паўставаў істотай надзвычай зграбнай і элегантнай.
Але не былі б беларусы самі сабою, калі б нават з такое самавітае, ледзь не сакральнае жывёліны не пакпілі. Усё ж вынайшла неўтаймоўная народная фантазія адно месьцейка, дзе нават шляхетны Конь выглядае нягегла – на дрэве! Уявілі карцінку? А працэс, як конік туды караскаецца? Жывыя сьмехі! Менавіта так выглядае якісь недарэка ад прыроды ці небарака з уласнай неахайнасьці. Усьцяг на сябе тое, што табе не пасуе, апратку ці залішне ўлады, то ў народзе са смакам ды гумарам так і зазначаць: нязграбны, як конь на дрэве.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)