Затрыманыя ўдзельнікі футбольнага турніру на кубак Незалежнасьці

Алесь Дашчынскі, Менск Сёньня ў Барысаве былі затрыманыя актывісты шэрагу моладзевых арганізацый, якія бяруць удзел у традыцыйным футбольным турніры на кубак Незалежнасьці.
Пяты год запар у Барысаве праводзяцца спаборніцтвы па футболе дваравых камандаў на кубак Незалежнасьці. Сёньня ў ім бяруць удзел каманды з Маладэчна, Магілеву, Менску, Смалявічаў і Барысаву. Міліцыянты праявілі цікавасьць да спартовага мерапрыемства і затрымалі чатырох яго ўдзельнікаў, сяброў “Зубра”, “Свабоднай Беларусі” і цэнтру “Волат”. Старшыня маладзёвага цэнтру “Волат” Зьміцер Бародка.

(Бародка: ) "Яны перад пачаткам турніру ішлі рабіць футбольнае поле, абазначаць разьмётку і несьлі з сабой невялічкія сьцяжкі, якімі абазначаюць так званыя вуглавыя. Сьцяжкі былі бел-чырвона-белага колеру, невялічкія, трымалі яны іх у руках. Праяжджаў міма патруль, спыніўся, затрымалі іх і недзе гадзінаў пяць трымалі іх у райаддзеле міліцыі.” На аднаго з затрыманых, сябра цэнтру “Волат” Алеся Гігеля міліцыянты склалі пратакол, далейшае разьбіраньне прызначана на панядзелак.

Прадстаўнік Барысаўскага райаддзелу міліцыі Вадзім Зьміцер.

(Зьміцер: ) “Проста яны несьлі сьцяжкі з забароненай сымболікай. Мы іх выклічам у панядзелак для прафгутаркі”.

Усе затрыманыя ўдзельнікі спаборніцтваў выпушчаныя з міліцыі. Турнір на кубак Незалежнасьці ў Барысаве працягваецца.