Вінцэсь Мудроў, Наваполацак Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Хлусьню можна сьмела назваць першародным грахом чалавечым. І як бы яна ні мудрагеліла й ні прыхоўвалася, усё адно, як сьведчыць беларуская прымаўка, выйдзе наверх. Адпаведных выслоўяў багата ўва ўсіх мовах сьвету. І, што адметна, шмат дзе хлусьні прыстаўляюць ногі, прычым дарэшты кароткія. Зірнем з нагоды ў слоўнік жамойцкай мовы. Чытаем: melo trumpos kojos (у маны кароткія ногі). Літаральна тое ж самае ў латышоў: meliem isas kajas. Кінем дапытлівы пагляд на другі бок Эўропы і пацікавімся, што кажуць пра хлусьню альбанцы. А кажуць яны ўсё тое ж: gёnjeshtra i ka kёmbёt e shkurtёra (хлусьня кароткія ногі мае). Расейцы ў сваю чаргу таксама прыстаўляюць хлусьні ногі, прычым ня надта шляхетнай кузуркі: ложь на тараканьих ножках ходит.
Хлусьня, як і прусакі, была заўсёды й паўсюль. Але найбольш яна замілавала вялікую палітыку. Дый дзіва што: правядзі тую ж перадвыбарчую кампанію без маны й хлусьлівых абяцаньняў... З хлусьнёй у палітычнай сфэры даўно ўсе зьмірыліся, і толькі адзін чалавек у Беларусі адмовіўся ад яе. Чалавека гэтага напачатку палічылі за дзівака, потым за недарэку і ўрэшце назвалі правакатарам, з-за якога – нібыта – беларуская дэмакратыя зазнала паразу. Маральнасьць у палітыцы – гэта недасяжны ідэал, і ўсё ж хочацца, каб на першай старонцы гісторыі новай дэмакратычнай Беларусі не было плямаў. Бо нават самая бяскрыўдная хлусьня, як той алей, выходзіць наверх.
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)
Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)