Выйшаў першы том энцыкляпэдыі “Вялікае княства Літоўскае”

Севярын Квяткоўскі, Менск На гэтым тыдні ў кнігарнях павінен зьявіцца першы том энцыкляпэдыі “Вялікае княства Літоўскае”. Гэта першае падобнае выданьне, прысьвечанае гісторыі ВКЛ, якое ня мае аналягаў. Выданьне зьмяшчае каля чатырох тысяч артыкулаў, прысьвечаных старабеларускай дзяржаве.
Выдавецтва “Беларуская Энцыкляпэдыя” працавала над выданьнем больш за два гады. Паводле аднаго з рэдактараў Валерыя Пазьнякова, праца над “Вялікім княствам Літоўскім” стала свайго кшталту працягам падрыхтоўкі шматтомніка “Энцыкляпэдыі Гісторыі Беларусі”, што выходзіла ад пачатку 1990-х гадоў. На думку Валерыя Пазьнякова, рэдкалегія здолела зьмясьціць большасьць фактуры, датычнай гісторыі Вялікага княства Літоўскага:

(Пазьнякоў:) “Спрэчных навуковых пытаньняў вельмі шмат у гісторыі ВКЛ, і, мяркую, ня хутка яны будуць вырашаныя. Але, мяркую, энцыкляпэдыя на цяперашні час адлюстроўвае найбольш узважаны падыход да гэтых спрэчных момантаў. Пакідаючы ў баку некаторыя ідэалягічныя моманты, якія, задаецца, ніколі ня будуць вырашаныя”.

Для энцыкляпэдыі пісалі свае артыкулы ня толькі беларускія, але літоўскія, польскія, расейскія і ўкраінскія навукоўцы.

Якой мовай гаварыў Вітаўт Вялікі? Якое значэньне мела бітва пад Воршай 1514 году? Ці было XVI стагодзьдзе “залатым векам” беларусаў? Якую ролю для беларусаў адыграла Канстытуцыя Рэчы Паспалітай ад 3 траўня 1791 году? Што датычыць магчымых ідэалягічных і навуковых рознагалосьсяў у ацэнцы сярэднявечных падзеяў, Валеры Пазьнякоў чакае, калі калегі-гісторыкі азнаёмяцца зь першым томам энцыкляпэдыі, і дадуць свае ацэнкі.

На думку Валерыя Пазьнякова, энцыкляпэдыя “Вялікае княства Літоўскае” можа стаць сямейнай кнігай і добрым падарункам: кніга – напалову мастацкае выданьне, аздобленае вялікай колькасьцю разнастайных ілюстрацый, у тым ліку малюнкамі мастака Зьмітра Герасімовіча.

Меркаваны кошт першага тому – каля пяцідзесяці тысяч рублёў.