Раённыя сходы дэмакратычных сілаў праходзяць ва ўмовах кансьпірацыі

Алесь Дашчынскі, Менск У мінулыя выхадныя адбыліся чарговыя раённыя сходы па вылучэньні дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў. Падчас сходаў плянуецца абраць каля 300 дэлегатаў з усёй краіны. На кангрэсе, які адбудзецца ў верасьні, мае быць абраны адзіны кандыдат ад дэмакратычных сілаў на прэзыдэнцкіх выбарах 2006-га году. З-за перашкодаў мясцовых уладаў сходы часам даводзіцца праводзіць у кансьпіратыўных умовах.
Раённыя сходы па вылучэнні дэлегатаў на Нацыянальны кангрэс дэмакратычных сілаў у Баранавічах і Дзяржынску суправаджаліся павышанай цікавасьцю з боку міліцыі. У Баранавічах міліцыя затрымала кіраўніка менскай гарадзкой арганізацыі АГП Ігара Шынкарыка і канфіскавала інфармацыйныя матэрыялы, спрабавала скласьці пратаколы на Анатоля Лябедзьку і Сяргея Калякіна нібыта за правядзеньне несанкцыянаванага мітынгу. У Слоніме таксама міліцыя спрабавала перашкодзіць правядзеньню сходу і, урэшце, вяла назіраньне за сітуацыяй звонку. Як адзначаюць арганізатары, такія канфлікты, як правіла, узьнікаюць там, куды прыязджаюць патэнцыйныя кандыдаты. У Слонім, напрыклад, прыехалі Анатоль Лябедзька, Аляксандар Мілінкевіч і Станіслаў Шушкевіч. Спадар Мілінкевіч адзначае, што ў паводзінах уладаў нічога не памянялася:

(Мілінкевіч: ) “Яна ў большасьці выпадкаў спрабуе перашкодзіць, каб сход не адбыўся. Яны баяцца, каб гэтая рэвалюцыйная зараза са сталіцы не прыйшла ў рэгіёны, але ў большасьці выпадкаў, яны прыходзяць на сходы і не могуць зрабіць перашкод. Міліцыя ўвесь час ёсьць, але не можа знайсьці зачэпку”.

Але ў Сянно, Наваградку і ў вёсцы Дукора Пухавіцкага раёна сходы прайшлі спакойна. У Дукоры гаспадар дома паставіў крэслы і сталы на сваім двары для ўсіх 28 удзельнікаў сходу. Сябра аргкамітэту ў правядзеньні кангрэсу, актывіст АГП Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што міліцыі не заўсёды ўдаецца даведацца дзе адбываецца сход.

(Дабравольскі: ) “У Наваградку ўчора міліцыя шукала, але не ведалі яны дзе гэта адбудзецца, а гэта адбылося за горадам у лесе, як маёўкі калісьці. А 6-й гадзіне пачалі зьбірацца, хто сваім ходам, а каго, тры рэйсы зрабілі, прывезьлі мікраўтобусам у лес, дзе звычайна там зьбіраюцца людзі, маленькі дах там стаіць… Ну і сабраліся там прадстаўнікі розных партый і пасьля іх такім жа чынам разьвезлі па дамах. Яшчэ быў вялікі дождж перад гэтым у Наваградку, таму ўлады ня вельмі, мусіць, хацелі вылазіць пад гэты дождж, кагосьці шукаць. А ў Дукоры, напрыклад, былі распаўсюджаны тры варыянты, дзе будзе праходзіць сход, а рэалізавалі чацьверты варыянт, пра які ніхто ня ведаў, проста людзей папярэдзілі з розных месцаў, яны прыехалі, іх прывялі. Проста прымаюцца нармальныя меры перасьцярогі. Напрыклад, у Барысаве у рэшце рэшт ледзь не зьнялі кіраўніка мясцовага КГБ, калі ён не мог нічога сказаць, дзе адбыўся сход, а сход адбыўся”.

Але, напрыклад, міліцыі ўдалося знайсьці месца правядзеньня раённага сходу у Баранавічах. Арганізатары зьвязваюць гэта з тым, што за ўдзельнікамі гэтага сходу спэцслужбы сачылі, пачынаючы з Менску.

А вось ў Іванаве сход не адбыўся, бо не хапіла людзей да кворуму - 25 чалавек. Гэта здараецца, як правіла ў тых раёнах, дзе жорстка супрацьдзейнічае ўлада альбо адсутнічаюць партыйныя структуры. Паводле Аляксандра Мілінкевіча, нават, калі не ўдасца правесьці 20-30 працэнтаў сходаў, у гэтым няма нейкай небясьпекі.

(Мілінкевіч: ) “Я думаю, што тая мэта, якая была пастаўлена на гэтым этапе выконваецца. Я ад самага пачатку не верыў, што мы можам і што мы павінны на гэтым этапе рабіць масавае далучэньне новых людзей да дэмакратычных структур, людзей палітыка не цікавіць, і сама апазыцыя павінна вызначыць свайго адзінага кандыдата. Таму для мяне галоўная мэта, якая была – гэта актывізацыя актывістаў, мабілізацыя актывістаў. Гэта мэта выконваецца. Вельмі важна, што яны сустракаюцца і з лідэрамі партый, і з арганізатармі кангрэсу і, я думаю, што гэтая пастаўленая мэта будзе выканана ”.