Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Ці можна лічыць беспрацоўным чалавека, калі завод, у штаце якога ён фармальна лічыцца, увесь час выпраўляе яго ў прымусовыя неаплатныя адпачынкі, альбо ўвогуле бярэ на працу толькі некалькі месяцаў на год? Рэальнае і схаванае беспрацоўе ў Беларусі — тэма многіх лістоў, якія прыходзяць на “Свабоду” апошнім часам.
Яўгенія Казлова з Воршы напісала нам на просьбу некалькіх знаёмых жанчын, якія падзяліліся зь ёй сваімі праблемамі і хацелі б, каб пра гэта даведаліся іншыя людзі. Яўгенія Казлова піша:
“Работа ў жанчын сэзонная, на час працы аздараўляльнага дзіцячага лягеру. Сталай працы яны пазбавіліся пасьля таго, як закрылі прафілякторый, які наведвалі ў асноўным рабочыя льнокамбінату. У выніку жанчыны даведзеныя да галечы. “А навошта ж вы, даражэнькія, у такім разе хадзілі на выбары і рэфэрэндумы?” — пытаюся. — “Дык жа гналі”, — быў адказ. Людзі даведзеныя да адчаю. Толькі адны выказваюцца, а другія маўчаць. На заводзе швейных машын заробак у многіх — 40—60 тысяч. Тры дні працуюць, чатыры гуляюць. Пра гэта я даведалася ад жанчыны, якая там працуе. Калі, кажа, скончыцца гэты зьдзек?
А адну маю добрую знаёмую, якая працавала ў раддоме, звольнілі на наступны дзень пасьля таго, як ёй споўнілася 55 год. Не працягнулі так званы “кантракт”. І няма куды паскардзіцца, бо гэта ўзаконена. Людзі безабаронныя і бяспраўныя. А я шмат каму казала і 10, і 8, і 6 год таму: будзеце яшчэ плакаць з прычыны такога выбару. Плацяць грошай паўсюль мала, а вось забраць хочуць як мага болей. Напрыклад, пры аплаце камунальных паслуг налічваюць дадатковую плату за так званую “лішнюю” плошчу. Якую лішнюю? Я за кожны сантымэтар сваёй кааператыўнай кватэры заплаціла яшчэ ў 1991 годзе. Да мяне прыяжджаюць дзеці, прыходзяць сябры. У гэтай кватэры я пражыла 19 год. Хто вырашыў, што 56 квадратных мэтраў — гэта замнога? Гвалт. Усе абураюцца. А вынікаў ад нашага абурэньня ніякіх”.
У сёньняшняй Беларусі гэта, спадарыня Казлова, масавая зьява — калі людзі працуюць па некалькі дзён на тыдзень, калі іх на доўгі час выпраўляюць у вымушаныя адпачынкі альбо пераводзяць на сэзонную працу. Пры гэтым яны ня лічацца беспрацоўнымі і, адпаведна, афіцыйная лічба беспрацоўя ў Беларусі застаецца надзвычай нізкай, на ўзроўні аднаго-двух працэнтаў. Вось толькі ці можна гэта лічыць дасягненьнем і паказьнікам пасьпяховай сацыяльнай палітыкі?
Вядома, было б іншай крайнасьцю — увогуле ліквідаваць нерэнтабэльную вытворчасьць і пакінуць людзей бяз працы: улада небеспадстаўна апасаецца такога разьвіцьця падзеяў. Але ёсьць і іншыя варыянты (і яны, дарэчы, апрабаваныя ў многіх краінах Усходняй Эўропы), калі буйныя нерэнтабэльныя вытворчасьці, што засталіся ў спадчыну ад сацыялізму, прыватызуюць і рэарганізуюць паступова, адначасова абавязваючы новых уласьнікаў ствараць працоўныя месцы для скарочаных работнікаў ды інвэставаць у сацыяльную сфэру.
Наш слухач з Жодзіна Анатоль Фісенка ў сваім лісьце, разважаючы пра сучасную моладзь, згадвае ўласнае пасьляваеннае дзяцінства і юнацтва. Ён піша:
“Мой бацька загінуў у 1944 годзе. Каб выжыць, увесну зьбіралі на полі леташнюю бульбу. А гумавыя боты былі адны на ўсю вёску. Памятую, пайду “гнілушкі” зьбіраць, а боты завялікія, дык я іх згублю ў брудзе, вярнуся дахаты босы. А маці потым ідзе іх шукаць. Бліны зь мерзлай бульбы, калі сьвежыя, яшчэ можна было есьці. А калі паляжаць гадзіну-другую, дык хоць цьвікі імі забівай. І ўсё ж жылі — не тужылі. Стараліся хоць чым дапамагаць сваім маці, суседзям, старым. Касіць я пачаў зь сямі год. Спачатку не атрымлівалася, дык нават рваў траву рукамі.
Адзін з самых яркіх успамінаў дзяцінства. Памятаю, суседка прынесла нам у зямлянку бохан хлеба. А ён так распахся на ўсю нашу сьвятліцу, што проста шкада была яго есьці. Гэты пах я ўспамінаю кожны раз, калі бачу кавалкі хлеба ў сьмецьці… Моладзь тады была ўся занятая: дапамагалі бацькам, працавалі ў калгасе. Не відаць было, каб швэндаліся бяз справы па вуліцах. А цяпер усё зьмянілася. Працаваць ня хочуць, а паесьці, выпіць, падурыць хочацца. А на ўсё патрэбны грошы. Вось і крадуць, рабуюць, забіваюць…”
Далей у сваім лісьце Анатоль Фісенка з Жодзіна выказвае меркаваньне, што прычына многіх маральных заганаў сучаснага грамадзтва — шматгадовы дзяржаўны атэізм, перасьлед царквы. Слухач таксама лічыць, што настаў час увесьці ў школах выкладаньне Закону Божага.
У Беларусі, спадар Фісенка, як і ў многіх іншых краінах, царква аддзелена ад дзяржавы. І абавязковае выкладаньне асноваў рэлігіі ў дзяржаўных школах — няпростая праблема, якая патрабуе істотных зьменаў у заканадаўстве. Да таго ж, паўстае пытаньне: асновы якой рэлігіі выкладаць у шматканфэсійнай краіне? Праваслаўя, якое дамінуе? Але як на гэта адрэагуюць сотні тысяч каталікоў, пратэстантаў, мусульманаў, юдэяў?
Што да нараканьняў на моладзь, то гэтая рыса была (і, напэўна, будзе) уласьціва многім людзям сталага веку ў любую эпоху. Думаю, спадар Фісенка, і ў пасьляваенны час сярод моладзі былі ня толькі працавітыя і сумленныя: сустракаліся і лайдакі, і прайдзісьветы. І цяпер ня ўсе бяз справы бадзяюцца па вуліцах. Напэўна, варта больш крытычна і аб’ектыўна ставіцца і да свайго пакаленьня, і да пакаленьняў сваіх дзяцей ды ўнукаў.
Наступны ліст ад Паўла Ляшэнкі з Воршы. Слухач піша:
“Слухаю вас гадоў пяць. Не заўсёды рэгулярна, але, калі трэба даведацца праўду аб якой-небудзь падзеі ў краіне зь першых рук, то шукаю вашу хвалю. Часам мне здаецца, што Беларусь акупаваная нейкім іншаземным захопнікам — у тым сэнсе, што ўладзе абыякавы той народ, ад імя якога яна кіруе. Я ўжо не кажу аб закрыцьці ўнівэрсытэтаў, газэт, дзяржаўных межаў для студэнтаў і “чарнобыльскіх” дзяцей; паўсюдны грабеж дзяржавай дробных гандляроў…
Мае бацькі былі людзьмі рускімі. Сам я нарадзіўся ў Воршы, служыў афіцэрам у Расеі. Але ў 1993 годзе не захацеў заставацца ў незразумелай чужой краіне і пры першай магчымасьці перавёўся служыць у Беларусь. Дзе праз паўгоду выйшаў на пэнсію”.
Далей у сваім лісьце Павал Ляшэнка з Воршы піша, што ў адной зь перадачаў Беларускай “Свабоды” даведаўся пра новую кнігу палітоляга і журналіста Аляксандра Фядуты, прысьвечаную палітычнай біяграфіі Аляксандра Лукашэнкі. Слухач просіць дапамогі ў набыцьці гэтай кнігі, бо, як ён піша, “інфармацыя пра кіраўніка дзяржавы ў Беларусі застаецца самай недаступнай”. З падобнай жа просьбай зьвяртаецца на “Свабоду” Ўладзімер Башкіраў з Магілёва. У сваім кароткім лісьце ён таксама спрабуе адказаць на пытаньне: хто вінаваты ў міжнароднай ізаляцыі Беларусі?
“Вінаватыя найперш мы самі, — піша Ўладзімер Башкіраў. — Бо самі дэмакратычным шляхам выбралі прэзыдэнта, які давёў дзяржаву да такога становішча. І самі пяём яму дыфірамбы. Няма ў нас народу, а ёсьць толькі насельніцтва, якому (ці, прынамсі, большасьці якога) апроч чаркі ды шкваркі, нічога не патрэбна. П’янства, хамства, лаянка на кожным кроку, вось што такое нашы людзі (прытым, з самага юнага ўзросту). Народ — ва Ўкраіне, у Грузіі, у Польшчы, Чэхіі, Кіргізстане… А ў нас — толькі насельніцтва. Мінуў час Каліноўскага і Беларускай Народнай Рэспублікі. Гэта наша бяда. Векавая бяда”.
З просьбы пра кнігу Аляксандра Фядуты “Лукашэнка. Палітычная біяграфія” пачынае свой ліст і Віктар Кухарчук зь вёскі Вялікія Арлы Столінскага раёну. Ён піша:
“Менскія сябры знайсьці для мяне кнігу не змаглі. А я зь вялікай цікавасьцю чытаў пра яе ў “Народнай Волі”, слухаў па “Свабодзе”. Жыву я ў палескай глыбінцы, на Століншчыне. Працую настаўнікам гісторыі ў вясковай школе, цікаўлюся і пры магчымасьці прымаю ўдзел у палітычным жыцьці”.
І ваш, спадар Кухарчук, ліст, і ўсе падобныя просьбы іншых нашых слухачоў будуць перададзеныя аўтару кнігі “Лукашэнка. Палітычная біяграфія” Аляксандру Фядуту, які ня так даўно, адразу пасьля выхаду кнігі, быў запрошаны для ўдзелу ў он-лайнавай канфэрэнцыі са слухачамі “Свабоды”, пасьля якой мы і сталі атрымліваць шмат лістоў на тэму ягонай кнікгі. З Аляксандрам Фядутам у нас ёсьць папярэдняя дамоўленасьць, што ўсе гэтыя лісты не застануцца без увагі, і будзе знойдзена магчымасьць задаволіць просьбы іхных аўтараў.
Цягам мінулых дзён нам таксама даслалі лісты Ільля Копыл і Разалія Рубінчык зь Менску, Генадзь Арлукевіч зь вёскі Багданаўцы Шчучынскага раёну, Мікалай Волчык зь вёскі Зіновічы Пружанскага раёну, Іна Аўчарэнка зь вёскі Варкавічы Слуцкага раёну і Мікола Кірпіч з Вушачаў.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by