Хоць вы нас капут, то мы не галём

Мікола Раманоўскі, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Вайна 1812 году была хоць і нядоўгай, а свой сьлед у народнай памяці, у фальклёры і неўзабаве ў літаратуры пакінула. Пра той час нагадваюць ня толькі вершы Яна Баршчэўскага:

Як пранцуская сіла з-за Дзьвіны наступіла, нам стала карціць, штоб парадак прыўраціць.

Засталіся і прыказкі. Сярод іх адна, характэрная асабліва для Барысаўшчыны: хоць вы нас капут, то мы не галём.

Капут перакладу не патрабуе, а галём – гэта беларуская пераробка францускага слова allons – ‘хадзем’. Лёгка ўявіць сабе сытуацыю, у якой узьнік гэты выраз. Французы прымушаюць селяніна везьці ім параненых ці які рыштунак, падганяюць – “allons” – і грозяць, што іначай “капут” будзе. Ажно селянін бачыць, што конік ці вол зусім выбіўся зь сілы, кідае лейцы і кажа французу: “Хоць ты мяне капут, то я не галём!” – хоць забі, далей не паеду.

Праўда, Ян Чачот, які першы занатаваў гэтую прыказку, тлумачыў яе паходжаньне крыху інакш. Паводле яго, так адказвалі сяляне, узятыя не ў абоз, а ў праваднікі. Прычым удакладняю, што ў праваднікі нямецкіх аддзелаў, якія ў напалеонаўскім войску таксама былі.

У сярэдзіне XIX стагодзьдзя тая ж прыказка магла адрасавацца ўжо не напалеонаўскаму салдату, а мірнаму немцу ці французу, якія дзе-нідзе жылі па панскіх маёнтках. Селянін, калі не хацеў выконваць даручэньня такога падпанка, мог яму дзёрзка адказаць: хоць ты мяне капут, то я не галём.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)