На Віцебшчыне пачаўся пленэр Караткевіча (фота)

Браніслава Станкевіч, Віцебск На Аршаншчыне распачаўся літаратурна-мастацкі пленэр, прысьвечаны Уладзімеру Караткевічу. Цягам дзесяці дзён маладыя творцы будуць працаваць на малой радзіме пісьменьніка. А вынікам гэтае працы, як мяркуюць арганізатары пленэру, мусіць стаць мастацкая выстава і, мажліва, адмысловы літаратурны зборнік.
Пленэр для творчае моладзі супольна зладзілі Беларускі ПЭН-цэнтар і вядомае на Віцебшчыне грамадзкае аб''яднаньне “Цэнтр імя Язэпа Драздовіча”.

Гэта ўжо 12-ты па ліку пленэр, які праводзіцца на Віцебшчыне, прычым у апошнія некалькі год падобныя імпрэзы былі адмыслова прысьвечаныя знакамітым людзям Беларусі. Так, леташні пленэр быў “быкаўскім” – ён быў прысьвечаны 80-м угодкам Васіля Быкава, і праводзіўся на радзіме пісьменьніка, у вёсцы Бычкі Вушацкага раёну.

Сёлета ў лістападзе будуць адзначацца 75-я ўгодкі Уладзімера Караткевіча, які нарадзіўся ў Воршы, і таму пленэр вырашылі праводзіць на Аршаншчыне.

А выпраўляліся ўдзельнікі пленэру зь Віцебску, наведаўшы тут музэй Марка Шагала ды ўсклаўшы кветкі да помніка Ўладзімеру Караткевічу.



Кіраўніца Цэнтру імя Язэпа Драздовіча Ада Райчонак зьвярнулася да іх з такімі словамі:

(Райчонак: ) “Мне вельмі прыемна бачыць вашыя прыгожыя, маладыя твары, і вельмі прыемна, што зь сёньняшняга дня вы далучаецеся да ліку сябраў нашага пленэру. Я думаю, што пленэр Караткевіча пройдзе з посьпехам, і вашы творы будуць потым вельмі цёпла сустрэтыя гледачамі, чытачамі... Усяго вам добрага!”



Ад пачатку меркавалася, што пленэр пройдзе ў маляўнічых навакольлях вёскі Ляўкі, якія ў свой час так спадабаліся Янку Купалу, што ён вырашыў менавіта там займець лецішча. Але аршанскі райвыканкам, куды арганізатары зьвярнуліся па дазвол, папрасіў іх абраць любое іншае месца, бо ў купалаўскіх мясьцінах на пачатку ліпеня чакаюць прыезду нейкага вялікага начальства, ня выключана, што й самога Аляксандра Лукашэнкі.

Пагадзіліся на тым, што ўдзельнікі пленэру – а гэта больш як 30 маладых мастакоў ды літаратараў, у тым ліку і пераможцаў конкурсу імя Караткевіча, які ладзіў ПЭН-цэнтар, – разьмесьцяцца на возеры Дзевіна. Зрэшты, як кажа адзін з арганізатараў пленэру, Вадзім Баршчэўскі, іх чакае ня толькі прыгожае возера, але й вандроўкі па Аршанскім раёне.

(Баршчэўскі:) “У нас заплянаваныя паездкі і ў Воршу, і ў Мсьціслаў, на радзіму маці Уладзімера Караткевіча, і ў Ляўкі, і ў Смаляны, і ў іншыя мясьціны. Майстар-клясы правядуць вядомыя літаратары – Валянцін Акудовіч, Андрэй Хадановіч, Ігар Бабкоў, а ў мастакоў – Алесь Марачкін, Алег Скавародка ды іншыя.”