Агляд друку: "Галадоўка Скрабца сьведчыць пра абыякавасьць грамадзтва"

Падрыхтавала Сьвятлана Курс
“Галадоўка Сяргея Скрабца засьведчыла, што нашае грамадзтва зьяўляецца амаль дасканалым адлюстраваньнем сыстэмы, якая ім кіруе. Але як бы ні нацягвала сыстэма на сябе маску абыякавасьці, на яе твары чытаецца зьбянтэжанасьць”. Пра гераічны высілак чалавека, які спрабуе адстаяць свой гонар і свабоду, піша камэнтатар “Нашай Нівы” Алесь Кудрыцкі.

Вядучы беларускі гісторык Генадзь Сагановіч звольнены з працы – адпаведнае рашэньне падпісанае выканаўцам абавязкаў дырэктара Інстытуту гісторыі Аляксандрам Каваленем. У інстытуцкіх калідорах называюць і прычыну звальненьня: незадаволенасьць грамадзкай і навуковай пазыцыяй Сагановіча. Крыніцы газэты не выключаюць “пажаданьня” з высокага верху аб чыстцы інстытуту. Абсурд: працу ў Кракаўскіх архівах гісторыку залічылі за прагулы, – піша “Наша Ніва”.

Былы начальнік Беларускае чыгункі Віктар Рахманько, якога ў 2001 годзе Аляксандар Лукашэнка са скандалам адхіліў ад пасады, цяпер працуе ў “Газпроме” начальнікам упраўленьня транспарту. Сп. Рахманько апавядае на старонках “Народнай волі” пра сваё жыцьцё на новым месцы і сваю колішнюю “гучную справу”.

У Беларусі вырашылі стварыць “Прэзыдэнцкі спартовы клюб”. У склад Цэнтральнай рады клюбу ўвайшлі абодва сыны Аляксандра Лукашэнкі, а малодшы нават абраны старшынём, пра што i расказваюць карэспандэнту “Народнай волі” вядомыя беларускія спартоўцы.

На гэтым тыдні калегія Міністэрства аховы здароўя анулявала ліцэнзію мэдычнага цэнтру “Нардын”. Цяпер цэнтар ня мае права аказваць мэдычную дапамогу, аднак па-ранейшаму працуе. Ці будзе “Нардын” аспрэчваць рашэньне міністэрства ў Вышэйшым гаспадарчым судзе? Пра гэта – у сёньняшнім нумары “Народнай волі” ў матэрыяле “Нардын безь ліцэнзіі. Хто наступны?”

Тыднёвік “Вольнае Глыбокае” піша пра вялікі посьпех міжнароднага фэстывалю хрысьціянскага дакумэнтальнага кіно й тэлепраграмаў “Магніфікат-2005”, які праходзіў у вёсцы Мосар Глыбоцкага раёну. Таксама газэта друкуе рэпартаж са сьвяткаваньня Купальля, якое адбывалася сёлета выключна паводле старажытных абрадаў.

“Газета Слонимская” апісвае першы ў гісторыі Слониму выпадак, калі быў засуджаны непаўналетні хакер. Падлетак з Мар’інай Горкі ўзламаў сайт і здолеў напазычаць грошай з рахунку сыстэмнага адміністратара, за што Слонімскі суд і прысудзіў яму тры гады зьняволеньня з адтэрміноўкаю на год.

У Слоніме тым часам надзвычайны ажыятаж вакол здачы на пасьведчаньне кіроўцы. Людзі за месяц-два займаюць чэргі, каб прайсьці мэдычную камісію. Гэтыя перагрузкі выкліканыя як ростам колькасьці аўтаўладальнікаў, гэтак і непаладкамі ў працы дзяржаўных органаў, піша “Газета Слонимская”.