Ствараецца новая ініцыятыва інфармацыйнай падтрымкі “ГУРТ”

Ганна Соусь, Менск Грамадзянская ініцыятыва мае на мэце падаваць праўдзівую і бесцэнзурную інфармацыю пра падзеі ў Беларусі як мага больш шырокаму колу людзей. З каардынатарам грамадзянскай ініцыятывы Юр’ем Гуртоўскім пагутарыла нашая карэспандэнтка.
Паводле каардынатара грамадзянскай ініцыятывы інфармацыйнай падтрымкі Юр’я Гуртоўскага, мэта “ГУРТу” — аб’яднаць людзей, якія жадаюць і здольныя дапамагчы сваім суайчыньнікам пераадолець інфармацыйныя бар’еры.

(Гуртоўскі: ) “Ініцыятыўная група — гэта моладзь, якая, як і пераважная частка нашага насельніцтва, не заангажаваная ў палітычнай дзейнасьці. Тое, што цяпер робяць палітыкі, апанэнты ўлады, добра толькі для палітычных элітаў. Але таксама патрэбна працаваць і дзеля народу, бо людзі збольшага ня ведаюць падчас выбараў, хто іх кандыдат, які гэта кандыдат, яны ня ведаюць, якія мерапрыемствы праводзяцца. І людзям трэба дапамагаць, калі ў нас ёсьць такое памкненьне, калі гэта падтрымаюць іншыя людзі. І сродак, празь які гэта будзе рабіцца, — гэта Інтэрнэт”.

Юры Гуртоўскі тлумачыць, як будзе распаўсюджвацца інфармацыя наступным чынам. Напрыклад, сябра грамадзянскай ініцыятывы жыве ў дзевяціпавярховым доме. У пад’езьдзе разам зь ім жывуць каля 35 сем’яў, што складае ад 70 да 100 чалавек. Калі сябра ініцыятывы на ўласным прынтэры ці ў інтэрнэт-кавярні раздрукуе 35 копіяў інфармацыйнага бюлетэня, які будзе выдаваць ініцыятыва, і закіне ў скрыні сваіх суседзяў па пад’езьдзе, то за вельмі кароткі час і невялікія грошы інфармацыя будзе данесеная да сотні чалавек.

Я запыталася Юр’я Гуртоўскага, як будзе стварацца інфармацыйны бюлетэнь і зь якіх крыніцаў будзе брацца інфармацыя.

(Гуртоўскі: ) “Ствараць будзе ініцыятыўная група. У тым і сэнс, што людзі будуць падаваць ідэі, якія яны хочуць бачыць у гэтым бюлетэні. Ён будзе выходзіць, напрыклад, раз на тыдзень. Самыя трапныя моманты з артыкулаў у той жа “Народнай Волі”, з размоваў і інтэрвію з Радыё Свабода, з “Нашай Нівы”… Адзін з галоўных кірункаў гэтай дзейнасьці — гэта распаўсюд інфармацыі пра існыя незалежныя сродкі масавай інфармацыі, якія выказваюць іншую думку. А калі ў кожную хату бюлетэнь прыйдзе, то там будзе напісана, што за нейкай іншай інфармацыяй вы можаце зьвярнуцца ў “Народную Волю”, і акрамя гэтай адзінай “кропкі” вы можаце злавіць Радыё Свабода”.

Апроч таго, у бюлетэні будуць друкавацца матэрыялы саміх актывістаў грамадзянскай ініцыятывы інфармацыйнай падтрымкі “ГУРТ”.

Як патлумачыў Юры Гуртоўскі, мяркуецца, што ўсе жадаючыя далучыцца да ініцыятывы створаць паштовыя скрыні ў сеціве і дашлюць на адрас ініцыятывы лісты ў вольнай форме, у якіх назавуць імя (сапраўднае ці кансьпіратыўнае), і месца, дзе будзе весьціся інфармацыйная праца. Усе кантакты будуць адбывацца празь сеціва. Ініцыятары зьвяртаюць увагу на фактар ананімнасьці, які дазволіць гарантаваць бясьпеку распаўсюднікам інфармацыйных бюлетэняў.