Вінцэсь Мудроў, Полацак Сёньняшнім ранкам сотні беларускіх вернікаў-пілігрымаў ідуць пехатой у мястэчка Будслаў. 2 ліпеня там адбудуцца традыцыйныя ўрачыстасьці ў гонар цудадзейнага абраза Маці Божай Будслаўскай. Абраз гэты – адзін з самых вядомых у Беларусі, пакланіцца яму вернікі ходзяць ад пачатку XVII стагодзьдзя, ну а найноўшым часам пешыя пілігрымкі аднавіліся ў 1992 годзе. Учора раніцай вялікая пілігрымка рушыла ў Будслаў з Полацку.
Для палачанаў сёлетняя пілігрымка ўжо дванаццатая па ліку. Агулам у далёкую дарогу выправілася блізу ста вернікаў. Прычым, гэта ня толькі палачане й новапалачане, але й пілігрымы з Талачына і Расонаў. Кожны зь іх атрымаў блаславеньне, пасьведчаньне ўдзельніка пілігрымкі, адмысловую жоўтую хустку й зборнікі беларускіх хваласьпеваў ды малітваў. Такія ж, але яшчэ больш шматлікія групы вернікаў, ідуць сёньня на паклон да Маці Божай Будслаўскай з Друі, Мёраў, Браславу ды іншых гарадоў ды мястэчак. Я штогоду бываю на выправе полацкай пілігрымкі ў дарогу, і магу засьведчыць, што яна кожнага году робіцца ўсё больш шматлюднаю, а ўважаючы, колькі людзей зьбіраецца 2 ліпеня ў Будславе, можна з поўным на тое правам назваць гэтае мястэчка беларускім Люрдам.
Тым ня менш, для многіх нашых грамадзянаў шматдзённая пешая выправа, ды яшчэ пад гарачым сонцам, выглядае чымсьці дзіўным. Адказ усім ім дае малады ксёндз айцец Вячаслаў Барок, які ідзе ў Будслаў разам зь вернікамі.
(а. Барок:) “Наша пілігрымка да Маці Божай Будслаўскай, якая будзе доўжыцца пяць дзён і складае 150 кілямэтраў дарогі, для некаторых зьяўляецца надта дзіўнай справай. Бо можна б было цяпер паляжаць на пясочку, памыць пяткі ў цёплай вадзе на возеры… Аднак для нас гэта вельмі важная справа, бо мы ідзем на спатканьне з Богам, тым самым шукаючы сэнсу свайго жыцьця. Бо чалавек, які жыве бяз Бога, чалавек, які ня мае ў сваім сэрцы Бога, на жаль, вельмі часта губляе чалавечнасьць”.
У Будслаў ідзе, у асноўным, моладзь. Праўда, ёсьць і людзі больш сталага веку. Самаму старому зь іх – 77 гадоў, а самы малады яшчэ не пайшоў у школу. Аднак усе яны – і старыя, і маладыя – рушылі ў дарогу зь сьветлымі пачуцьцямі і ў добрым гуморы. Вось што сказалі мне ўдзельнікі пілігрымкі, галасы якіх я запісаў на цьвінтары полацкага касьцёлу:
(Першы голас:) “З самымі лепшымі пачуцьцямі ідзем у пілігрымку. Прадчуваем добрае надвор’е – як у небе, так і ў сэрцах”.
(Другі голас:) “Я іду ў пілігрымку з надзяй, з радасьцю, з хвалою да Бога”.
(Трэці голас:) “Мне падаецца, што пілігрымка – гэта шлях да Бога, да Маці Божай Будслаўскай, і справа ў тым, што мы ахвяруем наш шлях, наш пот, нашыя мазалі, і зьвяртаемся тым самым да Пана Бога. Просім Ягонай ласкі для сваіх сем’яў, для родных, блізкіх, знаёмых, для сваёй парахвіі, для Бацькаўшчыны. Для ўсяго таго, што дорага кожнаму беларусу-каталіку”.