Ніна Мацяш, Белаазёрск Новая перадача сэрыі “Прыватны дзёньнік”. Свае асабістыя нататкі мінулага тыдня прадстаўляе Ніна Мацяш – паэтка і перакладчыца французкай, польскай, нямецкай, украінскай ды іншых літаратураў народаў сьвету, якая жыве ў мястэчку Белаазёрск на Берасьцейшчыне.
20 чэрвеня, панядзелак
Чым больш паглыбляюся ў зыбісты пясок узросту, тым меней імпэту да ўсякага роду пісаньня… А можа гэта папросту элемэнтарная лянота? Чалавек ахвотна робіць толькі тое, што лёгка даецца і прыносіць задавальненьне. Як цяпер бачыцца, я ўвесь час гэтак і жыла – у сваю асалоду. Бязьлітасную прадвызначанасьць лёсу заўсёды можна палагодзіць. Усе творцы – шаўкапрады, ды, мабыць, зьедзенае ўсё маё зялёнае тутавае лісьцейка. Бо ўжо да амаль заўсёднага свайго ядвабнага занятку, да перакладаў, вычэрпваецца поцяг. Даволі дзіўны стан, пра які, бадай, найдакладней сказалася яшчэ гадоў дзесяць таму:
Бязьлюдна, бязмоўна, бязьвейна, Бязьмежна разьліты спакой ціхамірны, Ні тлуму, ані адзіноты.
Днямі ў тэлефоннай размове Алесь Разанаў дужа прыгожа ахарактарызаваў стан гэты – як бясьсьледны птушыны лёт.
Цікавае супадзеньне – той мой, дзесяцігадовае даўнасьці верш таксама называецца “Палёт над жытам”. Алесь – адзіны ў сьвеце чалавек, зь якім я магу гаварыць пра жыцьцё, як пра неабходную ўмову пяройсьця ў тонкі сьвет, бяз боязі паставіць суразмоўніка ў няёмкае становішча шкадаблівага суцяшальніка ці вартага спачуваньня безпадстаўнага аптыміста. Што і ў першым, і ў другім разе выяўляе адно і тое ж самае – страх перад сьмерцю. Чаго шчасьліва збаўлены Алесь, маючы пэўную ўласную веду пра таямніцу. Раскоша чалавечых сувязяў магчыміцца толькі пры глыбокім узаемным даверы.
21 чэрвеня, аўторак
Выбітая з каляіны хворым на галаву чалавекам, ягоным вымаганьнем ад мяне рэцэнзіі на вершы дзеля выданьня іх кнігай. Учора маці сваю падсылаў умаўляць, сёньня зноў зьявіўся сам, без званка, без папярэджаньня, хоць было я ўжо забараняла яму гэта. Трос канторскім сшыткам, у якім, па ягоных словах, тысяча подпісаў людзей, якія прагнуць мець ягоны зборнік. Пагражаў прывесьці пад вокны сотні пікетоўцаў з патрабаваньнем маёй рэкамэндацыі. Пару дзён таму, аказваецца, быў і ў Жабінцы, знайшоў-такі там Алеся, дапытаўся адрасу. Якія мы ўсё ж неабароненыя!.. У любы момант хто заўгодна можа ўваліцца ў кватэру, добрыя людзі і пакажуць, і раскажуць, і давядуць хоць жаданага госьця, хоць, можа, і злачынцу. Алесь абышоўся зь неспадзяваным візіцёрам ветліва, далікатна –зрэшты, як і я пры першым знаёмстве – бо, кажа, адразу ўбачыў, што чалавек хворы. Параіў прыехаць на “літсераду” паслухаць думку іншых літаратараў.
А потым: “А можа ўзяць гэткіх паэтаў сабраць разам і выдаць кніжку? Робяць жа выставы малюнкаў людзей зь ненармальнай псыхікай?!.” Гэта ўжо Алесь у размове са мной. А Божачка ж Ты мой, ну канечне ж, гэта ж так паспрыяе павазе й любові да беларускай мовы… Ці мы ўжо ўсе тут, за выбачэньнем, хворыя на галаву?
22 чэрвеня, серада
Уключыла родненькі “общенациональный” – і выключыла. Лепш ня бачыць гэтага сьвята са сьмерці – дзеля памяці пра скрушны голас і непралітыя сьлёзы ў бацькавых вачах, калі ён згадваў пра загінулага ў той вайне любімага брата Антося, пра яшчэ чацьвярох стрыечнікаў ды сыноўцаў за Бог весьць што і каго палеглых тады ў чужую зямліцу. Дзеля сьвятой памяці пра жывы боль і пратэстнай агіды да жудлівай пачвары, якою ёсьць вайна, і якую спрадвеку ўсё плодзяць ды плодзяць хваравіта-пыхлівыя, злачынна-цынічныя палітыкі.
24 чэрвеня, пятніца
Шукала адно, а наткнулася на другое, на прыжоўклы аркушык з двума вершамі Эмілі Дыкенсан. Ня дзіва што прыжоўклі: перапісвала зь “Литературной газеты” яшчэ дзесь у васьмідзесятых гадох мінулага стагодзьдзя. Шкада, не занатавала імя перакладчыка. Вершы выдатныя. Геніяльнай прастаты і ўразьлівай вагомасьці нават у перакладзе. Скаланальны спакой аповяду, дзе што ні слова, то сымбаль, як ключык да падтэкставага багацьця. Залаты ключык, хоць і ўдае, што ён самы звычайны.
Дзеля надзейнасьці, каб не згубіліся, перанясу сюды гэтыя вершы…
Патэлефанавала Галіна Дзягілева: пачалі рэпэтыцыі “Маленькага прынца” і на Малой сцэне, каб можна было паказваць спэктакль ня толькі ў Менску. Ужо ўяўляе сабе, як будзе выглядаць наступны – рабочая назва “Пачакай сонца” па “Марусі Чурай” ды іншых маіх перакладах з украінскае. Вось дзе ўжо сьвятая руплівіца, адшукала сваю запаветную дзялку ў культурніцкім абшары беларушчыны і ўпарта шчыруе на ёй бяз галасу ды ўвагі на непагадзь. Бо, як той казаў, узыдзе ці ня ўзыдзе, а сеяць трэба.