Ганна Соусь, Менск У Менску плянуецца зьнесьці траціну так званага прыватнага сэктару, гэта калі пяці тысяч прыватных сядзібаў. На іх месцы плянуюць пабудаваць шматпавярховыя дамы. Найперш пад знос пойдуць прыватныя дамы на вуліцах Чыгуначнай, Арлоўскай, Дзяржынскага і перакрыжаваньні вуліцаў Багдановіча і Някрасава. Як ставяцца да будучай рэканструкцыі жыхары прыватнага сэктару — як старых драўляных дамкоў, гэтак і шыкоўных катэджаў? Гэта высьвятляла наша карэспандэнтка, якая сёньня наведала адзін з раёнаў, які падлягае рэканструкцыі, — прыватны сэктар ля вуліцы Багдановіча.
(Кандратовіч: ) “Вы ведаеце, мы ўсе ў такім шоку. Нас будуць зносіць, ведаеце, як нам балюча. Як старым людзям дабірацца на гэтыя паверхі? Я хачу дажыць старасьць у сваім кутку. Маё дзяцінства, маладосьць прайшлі тут. Мы будаваліся ў такіх складаных умовах…”
(Карэспандэнтка: ) “А што вам прапаноўваюць наўзамен?”
(Кандратовіч: ) “Пакуль яшчэ нічога”.
Недалёк ад будынку спадарыні Франі дом, дзе жыве вялікая цыганская сям’я. На ганку сядзіць пажылая спадарыня.
(Спадарыня: ) “Як вы ставіцеся да таго, што ў будучым гэтыя дамы і ваш дом будуць зьнесеныя?”
(Спадарыня: ) “Значыцца, кватэры дадуць. Калі не памру, канечне. У мяне васьмёра дзяцей і васьмёра ўнукаў. І ўсе тут. Лепш бы зьнесьлі”.
Зусім іншае меркаваньне ў спадарыні Ніны, што жыве на вуліцы Літаратурнай. У яе вялікі двухпавярховы цагляны дом, участак абнесены прыгожым бэтонным плотам.
(Ніна: ) “Цяпер яны зьнясуць, пабудуюць, а гэтых людзей раскідаюць куды заўгодна. Мы ўклалі ўсё жыцьцё сваё ў гэта. Пачалі зь пясочку, і ўсё рабілі сваімі рукамі, а цяпер яны ўсё гатовае возьмуць і зьнясуць”.
Жыхар трохпавярховага катэджу, абкладзенага сайдынгам, спадар Уладзімер спадзяецца, што рэканструкцыя абміне ягоны дом, паколькі ён фактычна новы. На гэта ж спадзяецца спадарыня Рыта з вуліцы Тургенева.
(Рыта: ) “У пляне стаіць, але будуць прапаноўваць варыянты. І мяне адсюль ніхто гвалтам ня можа высяліць. Паводле закону мне павінны даць такі самы дом, калі я не пагаджаюся на кватэру. Яны ўжо будуць самі вырашаць, што больш выгадна — зносіць ці пакідаць, таму што я ведаю, што некаторыя дамы вынесеныя з пляну. Калі што, будзем ваяваць”.
Сытуацыю для Радыё Свабода камэнтуе старшыня Менскага саюзу домаўладальнікаў Кастусь Міронаў:
Праграма рэканструкцыі жылой сядзібнай забудовы Менску разьлічаная на пятнаццаць гадоў, а раёнаў вуліцаў Чыгуначнай, Арлоўскай, Дзяржынскага і перакрыжаваньня Багдановіча і Някрасава — на дзесяць гадоў.