Вядомыя людзі заклікаюць Сяргея Скрабца спыніць галадоўку

Вольга Караткевіч, Прага
Шэраг вядомых асобаў зьвярнуліся да былога дэпутата Сяргея Скрабца з заклікам спыніць галадоўку, якую той трымае ў зьняволеньні 40-ы дзень.

"Палітычная справа Сяргея Скрабца ўжо адбылася. Цяперашняя галодоўка ня мае ўплыву на палітычны працэс, а важнасьць захаваньня чалавечага жыцьця павінна заўсёды пераважаць. Мы разумеем матывацыю палітыка, але хацелі б, каб і нашую матывацыю таго, што галадоўку трэба спыніць, зразумеў і Сяргей," – гаворыцца ў звароце.

Сярод іншых, зварот падпісалі пісьменьнікі Рыгор Барадулін, Уладзімір Арлоў, Уладзімір Някляеў, Леанід Дранько- Майсюк, Валянцін Тарас, музыкі – Аляксандар Кулінковіч, Ігар Варашкевіч, Лявон Вольскі, Сяргей Міхалок, Алег Хаменка, Вячаслаў Корань, Зьміцер Вайцюшкевіч, Андрэй Бастунец, віцэ-прэзыдэнт Беларускай асацыяцыі журналістаў, Уладзімр Дзюба рэдактара часопіса "Абажур", журналіст Павал Мажэйка, які адбываў пакараньне абмежаваньне воляй за нібыта паклёп на Лукашэнку, прафэсар Міхаіл Пастухоў, былы судзьдзя Канстытуцыйнага суду.