Глядзець праз дрыпці

Надзя Старавойтава, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Што такое дурасьць, альбо дурата, альбо, як мой татка – пухам яму зямліца – казаў, глупства? Калі табе забараняюць насіць бела-чырвоныя прыкрасы з бабуліных ручнікоў ці забараняюць да ўжываньня слова спадарыня? Калі абвінавачваюць любых табе людзей у няробленым ці табе самому падкідаюць шостку? Калі пляжаць усё так дарагое, так блізкае, так роднае, быццам вылузваюць з-пад скуры? Пэўне, гэта й ёсьць дурасьць, сястрыца агоніі...

Але пакуль людзі размаўляюць вачыма, нібы глядзяць праз дрыпці. Як гэта – спытаюцца Вашэці? А гэтаксама, як і скрозь пальцы. Толькі дрыпці – гэта апратка ў дзюрачкі, а глядзець праз дрыпці азначае глядзець на жыцьцё, не заўважаючы відавочнага, не беручы пад увагу ўсіх абставінаў, маючы недастатковыя зьвесткі для таго, каб зрабіць слушны выбар. На ўсход ад нас таксама скажуць: смотреть сквозь пальцы, – а яшчэ й павучаць: зри в корень. Мне ж падаецца, што глядзець праз дрыпці – выраз больш вобразны й сакавіты.

А мо гэта парада, і на дурасьць толькі так і можна глядзець? Проста ігнараваць яе. Не баяцца й не пераймаць, каб яна пошасьцю ад хаты да хаты не пайшла. Альбо, як скажуць яшчэ, жалезнага бобу наесьціся – каб нэрвы былі жалезныя. І гэткім выстаім!? І тады пракаветная мудрасьць і колішняя адвага ўсё ж зазьзяюць?

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)