Моладзь правяла акцыю супраць перайменаваньня вуліцаў... у аўтобусах

Любоў Лунёва, Менск Моладзь з апазыцыйных палітычных партыяў і рухаў зладзіла акцыю супраць перайменаваньня вуліцаў беларускай сталіцы. Гэтым разам вырашылі адмовіцца ад правядзеньня “жывога ланцугу”, бо амонаўцы вельмі хутка рэагуюць на гэта і выціскаюць людзей у двары, як мага далей ад мінакоў.
Замест “ланцугу” маладыя людзі раздавалі інфармацыйныя бюлетэні і ўлёткі пасажырам аўтобусаў №100, якія ходзяць па праспэкце Францішка Скарыны.

Актывіст маладога крыла БНФ Франак Вячорка патлумачыў Радыё Свабода, што акцыям супраць перайменаваньня назваў вуліцаў будуць надаваць больш палітычны зьмест. Людзей будуць інфармаваць пра сытуацыю з падпольным ліцэем імя Якуба Коласа, пра выключэньне навучэнцаў са школаў за ўдзел у палітычных акцыях, пра арышты актывістаў апазыцыі.

Пасажыры з задавальненьнем атрымлівалі ўлёткі, абмяркоўвалі іх зьмест паміж сабой. Часам узьнікалі дыскусіі, але не было ніводнага званка ў міліцыю аб тым, што моладзь ладзіць несанкцыянаваную акцыю.