Улады Гомеля пачалі барацьбу з продажам піва непаўналетнім гараджанам.

Казімер Яноўскі, Гомель Такім чынам ажыцьцяўляецца спроба зьменшыць спажываньне гэтага напою ў маладых гамельчукоў.
На наркалягічным ўліку ў рэгіёне цяпер амаль 35 тысячаў чалавек. І самае трывожнае, што ў гэтым сьпісе звыш 3 тысячаў непаўналетніх хлапчукоў і дзяўчат, якія спажываюць алькаголь ды іншыя псіхаактыўныя рэчывы. Найбольш такіх праблемных падлеткаў менавіта ў абласным цэнтры.

Беларускія правілы гандлю і без таго забараняюць прадаваць піва малалеткам, але іх ня надта прытрымліваюцца. Таму да праверак гандлёвых крамаў ды шапікаў з прычыны продажу піва непаўналетнім нядаўна далучыліся інспэкцыі ў справах непаўналетніх. Так вырашыла гарадзкая каардынацыйная рада праваахоўных органаў. Вось што распавядае намесьніца старшыні гарадзкой камісіі ў справах непаўналетніх Вікторыя Лапшына:

(Лапшына:) “Літаральна нядаўна быў рэйд па гандлёвых прадпрыемствах. У першы ж дзень з васьмі правераных крамаў піва непаўналетнім прадавалі ў трох. Характэрна, што парушаюць правілы гандлю і дзяржаўныя крамы, і прыватныя. Усяго ж сёлета выяўлена звыш 200 фактаў, калі непаўналетнім прадавалі розныя алькагольныя напоі. Гарэлку, канешне, прадаюць падлеткам радзей – за гэта пакараньне больш жорсткае, а што датычна віна, джын-тонікаў, настоек, піва – купіць іх складанасьці няма,” – сьцьвярджае спадарыня Лапшына з гарадзкой камісіі ў справах непаўнагадовых.

Дарэчы, пры выяўленьні фактаў продажу піва непаўнагадовым участковыя міліцыянты бяруць тлумачэньні як у падлеткаў, так і ў прадаўцоў і накіроўваюць іх у пракуратуру. Апошняя ўжо вырашае, якім чынам распачаць адміністрацыйны перасьлед за продаж піва. Найбольшае пакараньне для гандляроў – штраф памерам 255 тысячаў беларускіх рублёў.

Дык ці зьмянілася сытуацыя ў горадзе пасьля таго, як ўзмацнілі барацьбу са спажываньнем піва ў асяродку непаўналетніх? Гэтага ў горадзе пакуль асабліва не адчуваецца. З набліжэньнем вечару сотні непаўнагадовых запаўняюць гарадзкія сквэры і паркі. У большасьці зь іх у руках менавіта піва. Чаму маладыя людзі спажываюць яго? Пра гэта пытаюся ў моладзі ў гарадзкім скверы. Паслухаем адказы:

(Хлапец:) “Піва – гэта добры напой, які вядомы беларусам з даўніх часоў. У невялікай колькасьці піва вельмі добра для моладзі”.

(Дзяўчына, 16 год:) “У піва проста прыемны смак, яно смачнае”.

(Хлапец:) “Уся Эўропа піва п''е. У Чэхіі піва п''юць нашмат болей – і ўсё добра”.

(Дзяўчына, 17 год:) “Піць піва ў асяродку моладзі – гэта модна”.

(Хлапец:) “Абмежаваньні трэба, каб былі, але ўсё роўна піва трэба піць. Не гарэлку там спажываць, не наркотыкі… Лепей піва выпіць”.

Гэтак лічаць юныя гараджане.

А вось загадчыца дзіцячага аддзяленьня абласнога наркалягічнага дыспансэра Тамара Цітова, зь якой я гутарыў пра піўны алькагалізм, сьцьвярджае, што ў маладым арганізьме піва трымаецца вельмі доўга. Такі стан адпавядае лёгкай ступені алькагольнага ап''яненьня. Паступова ідзе прывыканьне маладога арганізму да піва.