На Каляды сьнегу не дапросісься

Антаніна Хатэнка, Менск Новая перадача сэрыі "Магія мовы".
Сквапнасьць заўжды асуджалася ў народзе надзвычай жорстка. Існавала нават няпісанае правіла: як гаспадары не ўпусьцілі ў двор каляднае, велікоднае альбо сёмушнае дружыны, дык болей да іх і не завітаюць, мінацьмуць хату. А такое – горш за праклён. Добрыя духі адвернуцца: сам-насам застанесься і зь ліхам, і з пацехай. У вёсках асьцерагаліся перад зычліўцамі браму зачыняць. Ці зь нястачы, ці з багацьця, але ахвяраваліся – што на радасьць, што на бяду. І гора таму, хто выпадаў з кола ўзаемазарукі: хіба ягоная – плямінай на ўвесь род.

Калі ж вызначылі ў грамадзе, што ў некага на Каляды сьнегу не дапросісься, наўрад ці ўдасца апраўдацца. Будуць кпіць і папікаць: гэты ўзімку лёду ня дасьць, гразі з-пад кіпця не дастане. На Расеі таксама іранічна дакараюць скнар: зимой снега не выпросишь. Але ў разгляданым намі ўшчуваньні каляднае сьвята паўстае зусім не дарэмна. Якраз Калядзе й належыць аддаць найлепшае з наедку, бо гэта ёсьць укладаньнем сьвятым і магічным – на ўрод і прыплод у полі, хаце і ў сэрцы.

Зазвычай у селішчах пра такіх, што й на Каляды сьнегу пашкадуюць, ходзіць плойма показак. Гэтак і мне тая мудрота сустрэлася. Адпрацоўваючы колісь на Лагойшчыне неадменны год пасьляўнівэрсытэцкай пэдпрактыкі, пашчыравала з кватэрнай гаспадыняй пра заляцаньні местачковага кавалера. Тая толькі роспачна завохкала: “Барані Божа! У ягонай сям’і на Каляды сьнегу не дапросісься”. Расейка, узяўшы шлюб з нашым салдатам, яна ўрасла ў чужы край душою й сыпала прыказкі, як мак. А мяне за роднае дзіця даглядала.

І цяпер, назіраючы недаўменна, як дрыжаць нашы новыя багацеі, каб дзе не перадаць, ды тлусьцець задарма намерваюцца, спамінаю турботны спалох цёткі Аўдакеі: на Каляды сьнегу не дапросісься.

Магія мовы: архіў 2005 (1-ы квартал) Магія мовы: архіў 2005 (2-і квартал)