Частка камуністаў падтрымае Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах

Алесь Дашчынскі, Менск Падчас сустрэчы з дэлегацыяй камуністычнай партыі Кітаю дэпутат Палаты прадстаўнікоў, лідэр кампартыі Беларусі Тацяна Голубева заявіла, што камуністы будуць у першых шэрагах тых, хто падтрымае кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнку на прэзыдэнцкіх выбарах 2006 году. Кітайская дэлегацыя прыбыла ў Менск на запрашэньне Адміністрацыі прэзыдэнта.
Паводле спадарыні Голубевай, падтрымка цяперашняга палітычнага і эканамічнага курсу зьяўляецца галоўным кірункам дзейнасьці яе партыі. Акрамя Лукашэнкі, яна ня бачыць іншага кандыдата на пасаду прэзыдэнта.

А як ставяцца да заявы Тацяны Голубевай у апазыцыйнай партыі камуністаў? Для лідэра ПКБ Сяргея Калякіна заява Голубевай ня стала нечаканасьцю. Паводле Калякіна, партыя Голубевай ніколі не была палітычнай структурай – гэта ўсяго толькі група падтрымкі Лукашэнкі. Спадар Калякін цьвердзіць, што палітычны лёс КПБ скончыцца разам з палітычным лёсам Лукашэнкі.

Выказваючыся ў падтрымку кандыдатуры дзейнага кіраўніка краіны, КПБ фактычна падтрымлівае вынікі рэфэрэндуму, не прызнаныя ў дэмакратычным сьвеце.

(Калякін: ) “Ёсьць людзі, якія ўдзельнічалі ў фальшаваньні рэфэрэндуму, у стварэньні лжывых вынікаў. Таму яны будуць імкнуцца да таго, каб жыць у створанай імі неправавой сыстэме і мець нейкія магчымасьці для самарэалізацыі. Да прыкладу, лідэрка КПБ была ўнесеная ў так званы прэзыдэнцкі сьпіс і стала дэпутатам. Пакуль Лукашэнка будзе ля ўлады, магчыма, яна будзе дэпутатам, а калі яго ня будзе, то яна ня зможа самарэалізавацца, таму што ў канкурэнтнай барацьбе такія людзі ня могуць перамагаць. Таму іх задавальняе цяперашні рэжым, і яны будуць яго падтрымліваць. На жаль, гэта рэальнасьць, якую мы павінны ўлічваць: ёсьць частка людзей ў грамадзтве, якіх сытуацыя задавальняе і якія ня хочуць пераменаў. Такіх людзей меншасьць, але яны ёсьць”.

Камуністы Голубевай – гэта пакуль што адзіная палітычная сіла, якая прэзэнтавала сябе ў якасьці апоры для Лукашэнкі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах. Ня выключана, зьявіцца яшчэ нейкая структура, якая паканкуруе з камуністамі Голубевай ў ляяльнасьці да Лукашэнкі. Магчыма, гэта будзе БРСМ. Але для Лукашэнкі такія зафармалізаваныя і малаўплывовыя арганізацыі ўвогуле наўрад ці патрэбныя. Пасьля рэфэрэндуму ён будзе прапаноўваць сябе на трэці тэрмін цяпер ужо з дапамогаю так званага Ўсебеларускага народнага сходу, які заплянаваны на пачатак 2006 году. Падрыхтоўка да гэтага сходу ўжо распачалася, пра што паведаміў на канфэрэнцыі “Народныя сходы як важнае зьвяно сыстэмы народаўладзьдзя ў Рэспубліцы Беларусь” судзьдзя Канстытуцыйнага суду Анатоль Цікавенка. Вось гэты сход і будзе скарыстаны для раскруткі кандыдатуры Лукашэнкі.

Нагадаю, апазыцыя зьбіраецца правесьці Кангрэс дэмакратычных сілаў для вызначэньня свайго адзінага кандыдата. Дарэчы, у той самы дзень, калі спадарыня Голубева заявіла аб падтрымцы камуністамі на выбарах кандыдатуры Лукашэнкі, зьявілася інфармацыя пра тое, што партыі і грамадзкія аб’яднаньні, якія выступаюць за эўрапейскі шлях разьвіцьця Беларусі, павінны вызначыць да 1 ліпеня, каго з дэмакратаў яны падтрымаюць на прэзыдэнцкіх выбарах.