Калі сэрбскія ўлады затрымаюць генэрала Ратку Младзіча?

Юрась Бушлякоў, Прага Сэрбія зазнае апошнім часам усё большы ціск міжнароднай супольнасьці – ад сэрбскіх уладаў патрабуюць затрыманьня генэрала Раткі Младзіча. Гааскі трыбунал вінаваціць былога вайсковага лідэра басьнійскіх сэрбаў у генацыдзе. Вышук Младзіча актывізаваўся пасьля нядаўняга абнародаваньня відэазапісу, на якім зафіксавана забойства байцамі сэрбскага ваенізаванага аддзелу мірных мусульманаў у Срэбраніцы ў 1995 годзе. Прадстаўнік Вашынгтону выказаў днямі ўпэўненасьць, што дні Младзіча на свабодзе палічаныя. У сваю чаргу ўлады басьнійскіх сэрбаў упершыню прызналі, што паліцыйныя сілы з Сэрбіі ўдзельнічалі ў масавых забойствах у Срэбраніцы.
Прастора вакол абвінавачанага ў ваенных злачынствах Младзіча няўхільна сьціскаецца.

Выступаючы па заканчэньні трохдзённага візыту на Балканы, намесьнік дзяржсакратара ЗША Нікалас Бэрнз выказаў спадзяваньне на хуткае затрыманьне Младзіча.

(Бэрнз: ) “Я маю моцнае ўражаньне пасьля нашых дыскусіяў у Бялградзе, што сэрбскі ўрад вельмі сур’ёзна працуе, вышукваючы генэрала Младзіча, і будуць зробленыя канкрэтныя захады, каб затрымаць Младзіча або змусіць яго здацца, а тады адправіць яго ў Гаагу”.

Паводле Бэрнза, Злучаныя Штаты выдзяляюць цяпер 10 мільёнаў даляраў у якасьці дапамогі Сэрбіі й Чарнагорыі. Гэтыя грошы былі замарожаныя ў студзені – у адказ на няздольнасьць сэрбскіх уладаў арыштаваць і выдаць Гааскаму трыбуналу галоўных падазраваных ва ўчыненьні ваенных злачынстваў у былой Югаславіі.

Не хаваючы цяпер аптымізму што да блізкага арышту Младзіча, прадстаўнікі Вашынгтону спадзяюцца на эфэкт ад абнародаванага мінулым тыднем відэазапісу. Паказаныя нацыянальнай тэлевізіяй сцэны забойства сэрбскімі байцамі шасьцёх мусульманаў-вязьняў шакавалі многіх сэрбаў.

Сэрбскі міністар у пытаньнях правоў чалавека і кіраўнік урадавай камісіі для супрацоўніцтва з Гааскім трыбуналам Рашым Ляіч запэўніў днямі, што ягоная краіна гатовая выканаць усе міжнародныя патрабаваньні.

(Ляіч: ) “Я спадзяюся, што к канцу году мы пакладзем канец праблеме, якую маем з Гааскім трыбуналам. Найважнейшае, што ўжо ніхто не выступае супраць таго, каб усе абвінавачаныя былі ў Гаазе. З боку дзяржавы ёсьць абсалютная гатовасьць і палітычная воля выканаць свае абавязаньні. Адно, што нас стрымлівае, – гэта неабходнасьць вызначыць, ці сапраўды абвінавачаныя Гааскім трыбуналам знаходзяцца ў Сэрбіі й Чарнагорыі”.

Пасьля таго як сэрбская тэлевізія прадэманстравала сцэны срэбраніцкай расправы, прэзыдэнт і прэм’ер Сэрбіі Тадзіч і Каштуніца заклікалі прыцягнуць вінаватых да адказнасьці. У чацьвер ўлады басьнійскіх сэрбаў упершыню прызналі ўдзел сэрбскіх паліцыйных сілаў у забойстве амаль 8 тысяч мусульманаў у Срэбраніцы ў 1995 годзе.

Ратка Младзіч жыве на ўцёках з часу арышту былога югаслаўскага прэзыдэнта Слобадана Мілошавіча ў 2001 годзе. Дасюль – дзякуючы як падтрымцы радавых сэрбаў, так і сымпатыі ва ўладных сэрбскіх кабінэтах – Младзічу ўдавалася быць на крок паперадзе сваіх перасьледаваньнікаў.

Але цяпер сетка сьцягваецца. Вашынгтон, прынамсі, разьлічвае, што прынада фінансавай дапамогі й пагроза міжнароднага асуджэньня схіляць Бялград перадаць нарэшце няўлоўнага генэрала ў Гаагу.