Ці дастаткова змагаюцца беларускія ўлады з антысэмітызмам?

Валер Каліноўскі, Менск У гішпанскім горадзе Кардова сёньня завяршаецца канфэрэнцыя АБСЭ ў справе барацьбы з антысэмітызмам і іншымі формамі нацыянальнай і рэлігійнай варожасьці. Беларусь на форуме прадстаўляюць кіраўнік Камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко і намесьнік старшыні Саюзу габрэйскіх арганізацыяў і грамадаў Беларусі Якаў Басін.
Кіраўнік камітэту ў справах рэлігіяў і нацыянальнасьцяў Станіслаў Буко меў магчымасьць выступіць з кароткім паведамленьнем перад удзельнікамі канфэрэнцыі ў Кардове. Як паведамілі ў МЗС Беларусі, Станіслаў Буко ў сваім выступе “асудзіў любыя праявы нецярпімасьці і дыскрымінацыі ды паінфармаваў ўрады краінаў АБСЭ наконт намаганьняў ураду Беларусі ў справе супрацьдзеяньня гэтым зьявам”.

Эўразійскі габрэйскі кангрэс тым часам распаўсюдзіў на канфэрэнцыі ў Кардове свой маніторынг праяваў антысэмітызму ў розных краінах, у тым ліку і ў Беларусі. У ім сьцьвярджаецца, што “за апошні год сытуацыя ў Беларусі значна пагоршылася, зьявіліся сымптомы таго, што шэраг акцыяў, у якіх былі сур’ёзна закранутыя інтарэсы габрэйскага несельніцтва, былі ініцыяваныя верхнімі слаямі дзяржаўнай улады”. У справаздачы прыводзяцца факты закрыцьця беларускімі ўладамі Міжнароднага гуманітарнага інстытуту, абмежаваньня дзяржаўнай сыстэмы габрэйскага навучаньня, адмовы уладаў вяртаць габрэям будынкі, якія калісьці належалі юдэйскім грамадам. На думку ўдзельніка кардоўскай канфэрэнцыі Якава Басіна, беларускія ўлады не дэманструюць сваёй гатовасьці змагацца з праявамі антысэмітызму: распаўсюджваньнем антысэміцкай літаратуры, зьяўленьнем нэафашысцкіх груповак.

(Басін: ) “Сама гэтая нэанацыстская інфэкцыя зьяўляецца латэнтнай і ў любы момант можа выбухнуць. Таму я лічу палітыку ўладаў у замоўчваньні гэтай тэмы неразумнай”.

Якаў Басін мяркуе, што на сёньня праблема антысэмітызму ў Беларусі не настолькі адчувальная, як у Расеі альбо некаторых краінах Заходняй Эўропы, дзе ў апошні час зафіксаваная хваля гвалту.

Іншы ўдзельнік кардоўскай канфэрэнцыі, кіраўнік украінскага саюзу габрэйскіх арганізацыяў Іосіф Вісіс мяркуе, што на Захадзе, дзе дзяржавы і грамадзтвы больш стабільныя, здолеюць вырашыць свае праблемы.

(Вісіс: ) “Што ж датачыць нашых краінаў, дзе яшчэ ня выпрацаваліся такія стабільныя ўстаноўкі ў палітыцы, у сацыяльна-эканамічных характарыстыках, то нават рост антысэміцкіх публікацыяў павінен насьцярожваць. Тым больш, што на Захадзе дзяржавы маюць больш выразную пазыцыю ў адносінах да гэтых зьяваў”.

На думку спадара Вісіса, ва Ўкраіне і Беларусі, адрозна ад Расеі, пакуль ня страчаны кантроль дзяржавы над гэтымі зьявамі.

(Вісіс: ) “Я думаю, што калі б улады Беларусі захацелі, яны маглі б прынамсі лякалізаваць гэтую зьяву і выціснуць яго на пэрыфэрыю грамадзкага жыцьця”.