Суд абавязаў "Народную волю" выплаціць па 2 мільёны рублёў 3-м пазоўнікам з Салігорску. Сёньня ж супраць газэты судзяцца жыхары Клецку

Ганна Соусь, Менск Судзьдзя суду Ленінскага раёну Менску Вера Тупік прыняла рашэньне прызнаць несапраўднымі і зьневажальнымі зьвесткі, надрукаваныя ў газэце "Народная воля" – подпісы грамадзянаў пад зваротам аб стварэньні руху "Воля народу " Сяргей Катовіча , Ніны Грэчыц і Ніны Фраловай. І прысудзіла выплаціць кожнаму зь іх па 2 мільёны рублёў кампэнсацыі. Пазоў Паўла Жышкевіча судзьдзя адхіліла. У сваіх пазовах прадстаўнікі прадпрыемства "Беларуськалій" патрабавалі па 50 мільёнаў рублёў кампэнсацыі.
Сёньня ў судзе Ленінскага раёну разглядаюцца аналягічныя пазовы ад 4-х жыхароў Клецку – Пятра Талайкі, галоўнага лекара мэдычнага аддзяленьня Клецку, дырэктаркі вясковай школы Ліліі Лібер, брыгадзіра Гудзько Івана і шматдзетнай маці Ірыны Закруты. Кожны зь іх патрабуе па 5 мільёнаў рублёў матэрыяльнай кампэнсацыі і прызнаньня зьневажальнымі зьвесткі, надрукаваныя ў "Народнай волі" – таксама подпісы пад стварэньнем руху "Воля народу".

Галоўны рэдактар газэты Іосіф Сярэдзіч прапанаваў пазоўнікам, каб яны адмовіліся ад матэрыяльных прэтэнзіяў, а газэта надрукуе абвяржэньне, але жыхары Клецку, я к і раней жыхары Салігорску, – адмовіліся.