Сяргей Скрабец галадуе ў ізалятары 24-ы дзень

Уладзімер Глод, Менск Адзін з актывістаў беларускай апазыцыі, кіраўнік дэпутацкай групы “Рэспубліка” ў Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня Сяргей Скрабец 24-ы дзень трымае галадоўку ў Берасьцейскім сьледчым ізалятары. Пра гэта Радыё Свабода паведаміў адвакат былога парлямэнтара Міхаіл Хоміч.
Па-ранейшаму Сяргей Скрабец п''е толькі ваду. Такім чынам, ягоная галадоўка працягваецца. Пра гэта 7 чэрвеня расказаў адвакат экс-дэпутата Міхаіл Хоміч.

Апошнім часам Сяргей Скрабец скардзіцца на галаўны боль, бяссоньніцу, дакучлівы боль у нырках. Цяпер да яго штодзень раніцай прыходзяць лекары: мераць крывяны ціск, тэмпэратуру. Заўтра яму хочуць зрабіць аналіз крыві.

Аднак спыняць галадоўку Сяргей Скрабец пакуль не зьбіраецца, хаця ён разумее, што з арганізму патрэбна выводзіць таксіны:

(Хоміч: ) "Паводле ягоных словаў, ён галадуе ўжо 24-ы дзень. На думку спэцыялістаў, а я зь імі раіўся, яму трэба ўжо выходзіць з галадоўкі. Калі не прытрымлівацца мэдычных правілаў, дык могуць адкрыцца язвы страўніка, пачнуць хварэць ныркі, можна й інфаркт атрымаць".

(Карэспандэнт: ) "А Вы яму пра гэта казалі?"

(Хоміч: ) "Ён сам пра гэта казаў. Але і я прыйшоў падрыхтаваным. І я яму перадаў тое, што гавораць спэцыялісты".

Спадар Хоміч паведаміў, што 8 чэрвеня, з улікам магчымых наступстваў галадоўкі ён зьбіраецца зьвярнуцца ў судовыя органы з просьбаю зьмяніць Сяргею Скрабцу меру стрыманьня:

(Хоміч: ) "Будзем рыхтаваць неабходны дакумэнт. Там ёсьць розныя рэчы: падпіска аб нявыезьдзе, хатні арышт... Паколькі, лічыцца, што ва ўмовах ізалятару выхад з галадоўкі бязь цяжкіх наступстваў немагчымы. Для таго, каб выйсьці нармальна з галадоўкі, патрэбна ня менш за сем дзён, пачынаючы са зьмяненьня умоваў утрыманьня, зразумела".

Прагназаваць вынік хадайніцтва адвакат Міхаіл Хоміч не бярэцца. Звычайна, у такіх справах шмат што вырашаюць сьледчыя органы, канстатуе ён.

***

Сяргей Скрабец у Палаце прадстаўнікоў папярэдняга скліканьня ўзначальваў дэпутацкую групу "Рэспубліка". Летам 2004 году ён удзельнічаў у галадоўцы дэпутатаў, якія патрабавалі дэмакратызацыі выбарчага заканадаўства. Летась у кастрычніку ён зьвярнуўся да прэзыдэнта Расеі з просьбай пра палітычны прытулак, аднак атрымаў адмоўны адказ. Сёлета ў красавіку Беларускае тэлебачаньне паказала сюжэт, у якім сьцьвярджалася, што спэцслужбы затрымалі кур’ера, які вёз з Вільні 200 тысячаў даляраў – нібыта для фінансаваньня палітычнай дзейнасьці Сяргея Скрабца.