“Я чакаў, што прысуд Статкевічу будзе значна больш жорсткі”

Валянцін Жданко, Менск Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
На мінулым тыдні вялікі грамадзкі розгалас выклікаў прысуд двум лідэрам дэмакратычнай апазыцыі — Міколу Статкевічу і Паўлу Севярынцу. За арганізацыю акцыяў пратэсту ў Менску, якія адбыліся пасьля леташніх выбараў і рэфэрэндуму, судзьдзя Цэнтральнага суду Менску Леанід Ясіновіч пакараў апазыцыйных актывістаў трыма гадамі абмежаваньня волі — так званай “хіміяй”. Як ацэньваюць гэты прысуд слухачы “Свабоды”? Вось які электронны ліст даслаў нам Мікалай Пальчэўскі зь Менску. Ён піша:

“Пасьля таго, як Мікола Статкевіч адмовіўся ўставаць перад судзьдзём і адказваць на ягоныя пытаньні, я чакаў, што прысуд Статкевічу абражаны судзьдзя вынесе значна больш жорсткі, чым Севярынцу. Але аказалася, што пакараньне аднолькавае, што аднаму, што другому. Такім чынам, верагодна, меў рацыю Статкевіч, калі сьцьвярджаў, што ад гэтага судзьдзі ў палітычнай справе апазыцыянэраў мала што залежыць. Але ці не прыніжальна гэта для судзьдзі? Як пасьля такой ганьбы ён здолее працаваць у судзе пасьля таго, як зьменіцца ўлада і Беларусь стане дэмакратычнай?”

Ня думаю, спадар Пальчэўскі, што гэты чалавек мае шанцы на тое, каб застацца судзьдзём пасьля таго, як судовая сыстэма ў Беларусі стане незалежнай. Увогуле, праваабарончыя ды іншыя грамадзкія арганізацыі сочаць за расьсьледаваньнем і судовым разглядам палітычных справаў. Імёны ўсіх удзельнікаў гэтых працэсаў фіксуюцца, застаюцца ў гісторыі. Адметна, што далёка ня ўсе судзьдзі пагаджаюцца весьці такія справы. І тут варта мець на ўвазе ня толькі маральную адказнасьць перад Богам і ўласным сумленьнем. Вялікая верагоднасьць таго, што пасьля зьмены ўлады незалежныя суды вернуцца да гэтых працэсаў. Найбольш прадбачлівыя судзьдзі ўлічваюць гэтую магчымасьць.

У нашай пошце па-панейшаму нямала лістоў на тэму нядаўняга перайменаваньня цэнтральных менскіх вуліц і праспэктаў, якое ініцыяваў прэзыдэнт Лукашэнка. Некаторыя дэмакратычныя партыі маюць намер правесьці ў гэтай справе рэфэрэндум сярод жыхароў Менску. Але ці будзе ён плённым? Вось як адказвае на гэта пытаньне наш даўні слухач і аўтар, былы вайсковец Ільля Копыл зь Менску. Ён піша:

“Рэфэрэндум у цяперашніх умовах — марная задума. Яго ж будзе праводзіць улада, а яна ў гэтай справе за апошнія дзесяць год набіла руку. Як бы ні галасавалі людзі, вынік будзе такі, як трэба чыноўнікам”.

Яшчэ адна тэма, якую закранае ў сваім лісьце Ільля Копыл — увекавечаньне ў назьве вуліц памяці пра курапацкую трагедыю. Некалькі месяцаў таму Радыё Свабода паведамляла, што адна з вуліц у далучанай да Менска вёсцы Цна парайменавана ў Курапацкую. Ільля Копыл з гэтай нагоды піша:

“Мяне зьдзівіла, што некаторыя кіраўнікі апазыцыі ўхвалілі гэта рашэньне ўлады. Асабіста я гэтаму абурыўся. Назва Курапаты павінна належаць аднаму ўсім вядомаму месцу. Гэту назву тыражаваць нельга, каб не размыць памяць аб мэмарыяле”.

Ільля Копыл таксама разважае пра тое, чаму ахвярамі перайменаваньня сталі менавіта дзьве гэтыя асобы — Скарына і Машэраў. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“Мне здаецца, калі Лукашэнка прымаў гэта неабдуманае рашэньне, то адчуваў страх. Таму, напэўна, і “прышпіліў” да праспэкту Скарыны праспэкт Машэрава. Гэтым самым ён нанёс удар па апазыцыі, бо зачапіў нацыянальны сымбаль, найвялікшую асобу беларускага сярэднявечча. Але адначасова прымусіў апазыцыю абараняць імя камуністычнага функцыянэра Машэрава. Асабіста я лічу, што Машэраў варты таго, каб быць увекавечаным — хоць да яго і ёсьць прэтэнзіі, але ён значная фігура свайго часу. Але вось падумалася: а што было б, калі б Лукашэнка прышпіліў да праспэкту Скарыны праспэкт Дзяржынскага ці вуліцу Сьвярдлова? Новая ўлада, якая прыйдзе на зьмену цяперашняй, у пытаньні назваў вуліц сутыкнецца зь вялікімі цяжкасьцямі”.

Праспэкты Скарыны і Машэрава — гэта дзьве галоўныя менскія магістралі, па якіх картэж Аляксандра Лукашэнкі штодня праяжджае з асабняка ў Драздах у рэзыдэнцыю на вуліцы Маркса і назад. У пэўным сэнсе гэтыя праспэкты, як і імёны асобаў, якімі яны названы, — сымбалі беларускай сталіцы і самой Беларусі. Магчыма, сымбалі не такія маштабныя і значныя, як герб і сьцяг, і ўсё ж вельмі значныя. Аляксандар Лукашэнка за адзінаццаць год свайго прэзыдэнцтва памяняў у дзяржаве паводле свайго густу амаль усё, што гэтую дзяржаву сымбалізуе — сыстэму ўлады, Канстытуцыю, афіцыйную гісторыю, ідэалёгію, герб, сьцяг, гімн, і нават у значнай ступені архітэктуру Менску. А гэтыя назвы галоўных праспэктаў заставаліся, як напамін пра мінулыя эпохі, калі самымі значнымі гістарычнымі асобамі беларускай нацыі лічыліся зусім ня тыя, каго лічыць вартымі прэзыдэнт Лукашэнка. І гэтае перайменаваньне, верагодна, ёсьць яшчэ адной дэманстрацыяй поўнай і непадзельнай улады адной асобы. Хоць, бадай, большасьць людзей у Беларусі ўпэўненая, што новыя назвы праспэктаў праіснуюць ненамнога даўжэй, чым працягнецца прэзыдэнцтва Аляксандра Лукашэнкі.

Наш пастаянны аўтар з Гомелю Анатоль Жэрдзеў адклікнуўся на завочную дыскусію паміж слухачамі “Свабоды” аб ролі ў сёньняшняй беларускай палітыцы стваральніка БНФ Зянона Пазьняка. Дыскусію пачаў 4 красавіка Мікола Віцязь з гораду Белаазёрску Бярозаўскага раёну, які дакараў “Свабоду” за тое, што дае слова апанэнтам спадара Пазьняка. Пасьля гэтага ў перадачы 24 красавіка прагучаў ліст Аляксандра Фядуты, былога паплечніка Аляксандра Лукашэнкі. Ён разважаў пра ўласныя памылкі ды ілюзіі, а таксама пісаў пра тое, што за памылкі павінна пакаяцца і апазыцыя, якая, цытую Аляксандра Фядуту, “ледзь не на сваіх плячах унесла Лукашэнку на вяршыню ўлады”. Аляксандар Фядута меў на ўвазе, у прыватнасьці, палітыку беларусізацыі, якая, паводле яго, стала адной з прычынаў прайгранага апазыцыяй рэфэрэндуму 1995 году. Анатоль Жэрдзеў з гэтымі высновамі пагаджаецца. Ён піша:

“Гэтая крытыка слушная і даволі дыпляматычная. Я лічу, што гэта — не напад на знакамітага лідэра, а спроба высьветліць акалічнасьці ў працэсе дэмакратычнага руху”.

Анатоль Жэрдзеў згадвае ўласны досьвед сяброўства ў Фронце. Яшчэ адна цытата зь ліста:

“У БНФ я ўступіў у 1989 годзе, быў накіраваны дэлегатам ад Гомелю на другі зьезд Фронту. Я расейскамоўны беларус. Пры рэгістрацыі загаварыў па-расейску. Позірк таго рэгістратара дагэтуль у мяне перад вачыма. І вось гэты погляд на расейскамоўнасьць, уласьцівы для ўсяго БНФ, вельмі істотна паўплываў на ўсе справы Фронту. Кіраўнікамі суполак ставілі тых, хто добра гаварыў па-беларуску, а вось дзелавыя якасьці адсоўваліся на другі плян. Такі прыклад. Як толькі я стаў дэпутатам гарсавету, дык на першай жа сэсіі паставіў пытаньне аб рэгістрацыі мясцовай суполкі БНФ. Дэпутаты мяне падтрымалі, і празь некалькі дзён пісьмовае рашэньне было выдадзена на рукі тым лідэрам. Але пасьля гэтага яшчэ некалькі месяцаў рэгістрацыя не адбывалася ўжо з прычыны марудлівасьці ды неарганізаванасьці тых дзеячаў. Заняпад БНФ у 1991—1995 гадах адбыўся менавіта таму, што ні Пазьняк, ні хто-небудзь іншы не рабіў сапраўднага аналізу дзейнасьці суполак Фронту, асабліва кадравых зьменаў, адтоку і прытоку сяброў БНФ”, — лічыць Анатоль Жэрдзеў з Гомелю.

Ён таксама апісвае, як яго ў 1992 годзе выключылі з Фронту, не папярэдзіўшы аб тым. Калі пацікавіўся, чаму, адказалі: “За тое, што ня ўдзельнічаеш у сходах”. Сам слухач ацэньвае гэта наступным чынам:

“Сапраўдныя арганізатары ня толькі не выключаюць дэпутатаў са сваіх суполак, а наадварот, стараюцца далучыць да руху. Калі Зянон Пазьняк ня ведаў пра такія хібы, то хіба можна лічыць яго сапраўдным кіраўніком? У сапраўднага кіраўніка ўсе сябры БНФ, якія сталі дэпутатамі, павінны быць уключаны ў асобны сьпіс, і зь імі павінны працаваць адпаведна прызначаныя людзі”.

Напэўна, вы, спадар Жэрдзеў, як чалавек, які знутры ведае сытуацыю ў БНФ таго часу, больш чым іншыя маеце права на такія ацэнкі і высновы. Праўда, што да рэальнай беларусізацыі, то ня думаю, што нехта ў Беларусі ўсур’ёз пацярпеў ад яе. І той касы позірк рэгістратара ў адказ на вашу расейскую мову — на маю думку, ня надта пераканаўчы доказ моўнай дыскрымінацыі. Укараненьне беларускай мовы ў грамадзкі ўжытак адбывалася напрыканцы 1980-х і на пачатку 1990-х гадоў непасьлядоўна і супярэчліва. І займаліся гэтым чыноўнікі, а не актывісты БНФ. Іншая рэч, як Народны Фронт ставіўся да гэтых працэсаў і рэагаваў на іх, ці ўлічваў рэальныя настроі ў грамадзтве, ці здольны быў адэкватана адказаць на грамадскія спадзяваньні і расчараваньні таго часу? На ўсе гэтыя пытаньні адказ быў дадзены беларускім грамадзтвам на прэзыдэнцкіх выбарах 1994 году.

Цягам апошніх дзён нам таксама даслалі лісты Васіль Цюхай зь Беразіна і Эдуард Тобін са Смалявічаў. Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на “Свабоду”. Пішыце. Чакаем новых допісаў. Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю. Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by