Чарговая судовая справа "Народнай волі": за публікацыю звароту "Волі народу"

Ганна Соусь, Менск. Cёньня ў Менскім гаспадарчым судзе адбыліся перадсудовыя гутаркі рэдактара “Народнай волі” з прадстаўнікамі салігорскага прадпрыемства “Беларуськалій” і горна-хімічнага тэхнікуму Салігорску.
Гэтыя ўстановы праз гаспадарчы суд абараняюць сваю гонар і дзелавую рэпутацыю ў сувязі з тым, што ў "Народнай волі" пад зваротам руху "Воля народу" былі надрукаваныя подпісы іх работнікаў і навучэнцаў. З Салігорску ў Менскі гаспадарчы суд прыбылі прадстаўніца “Беларуськалія” і дырэктар горна-хімічнага тэхнікуму Салігорску разам з адвакатам.

У салігорскім тэхнікуме пад зваротам руху "Воля народу" падпісаліся 37 студэнтаў, і большасьць зь іх потым адмовіліся ад сваіх подпісаў альбо сказалі, што ня ставілі іх.

Як паведаміў Радыё Свабода галоўны рэдактар “Народнай волі” Іосіф Сярэдзіч, у часе перадсудовай гутаркі бакі імкнуліся знайсьці кампраміс. У бліжэйшыя дні ў "Народнай волі" будзе надрукаваны артыкул, у якім будзе выкладзеныя пазыцыі кіраўніцтва тэхнікуму і самой рэдакцыі, і на гэтым канфлікт можа быць вычарпаны. Што да судовых прэтэнзіяў прадпрыемства “Беларуськалій”, то, паводле Сярэдзіча, канфлікт, магчыма, можа быць вырашаны аналягічным чынам і справа ня дойдзе да суду.